30 сакавіка – 1 красавіка ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім) адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для моладзі, якія па традыцыі арганізавала Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі „OPEN”. У гэтым годзе рэкалекцыі правёў кс. Міхаіл Васількевіч, пробашч парафіі ў Ізабэліне.
Касцёл быў поўны моладзі. На рэкалекцыях сабраліся як самыя першыя члены душпастырства „OPEN”, якія ўжо даўно маюць сем’і і вакол якіх жвава бегалі іх дзеці, так і самыя новыя.
Ксёндз Міхаіл Васількевіч распавёў аб чатырох этапах жыцця чалавека: нараджэнні, сталенні, шлюбе, пажылым узросце. Як адзначыў святар, кожнаму з гэтых этапаў Бог дае святыя сакрамэнты, каб умацаваць чалавека на кожным этапе. Хрост чалавек звычайна атрымлівае пры нараджэнні, сакрамэнт канфірмацыі – падчас сталення, сакрамэнт сужэнства або святарства – пры абранні жыццёвага шляху, намашчэнне хворых найбольш характэрна для пажылога ўзросту.
Пятніца была прысвечана разважанню над сакрамэнтам Эўхарыстыі. Ксёндз Міхаіл нагадаў пра важнасць і каштоўнасць гэтага сакрамэнту, які з’яўляцца неад’емнай часткай жыцця католіка, хоць пра гэта часта забываюць і часам не цэняць увогуле. Як адзначыў святар, калі б мы ўсведамлялі ўсю каштоўнасць Эўхарыстыі, то вішчалі б ад эмоцый, як фанат, які ўбачыў любімую групу, спевака, хакейную ці футбольную каманду.
Гаварылася таксама аб тым, што, калі ты не надаеш значэння важнасці Эўхарыстыі, то ты нават не стаў на шлях збаўлення, а многія ж сёння не прыступаюць да святой Камуніі. Апошняй тэмай рэкалекцый быў сакрамэнт пакаяння. Падчас разгляду гэтай тэмы моладзь магла знайсці мноства падказак, як прымірыцца з Богам.
Рэкалекцыі наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Падчас духоўных практыкаванняў прыгожа спявала музычная група. Ксёндз Міхаіл Васількевіч не толькі распавядаў аб любові Бога, але і таксама спяваў для моладзі.
Алена Харольская
Фота: Віталій Шмурай