24-26 сакавіка прадстаўнікі Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі прынялі ўдзел у велікапоснай фармацыйнай сустрэчы чыгуначнікаў у Вадавіцэ (Польшча).
У сустрэчы, якая праходзіла пад дэвізам “Ідзіце і абвяшчайце”, удзельнічала 15 чалавек з Гродзенскай дыяцэзіі: чыгуначнікі з Гродна, Свіслачы і Ваўкавыска.
Гэтыя рэкалекцыі адбываліся ў асаблівы час, бо сёлета адзначаецца 100-годдзе Аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, 300-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай і 100-годдзе смерці св. брата Альберта Хмялёўскага.
Падчас сустрэчы была магчымасць удзельнічаць у тэматычных канферэнцыях, святых Імшах і велікапосным набажэнстве – Крыжовым шляху.
Быў час на супольныя размовы, працу ў групах і дзяленне досведам веры. Рэкалекцыі сталі найперш нагодай да паглыбленага роздуму над плёнамі асабістага паяднання з Хрыстом. Іх мэтай было таксама ажывіць супольнасць працаўнікоў чыгункі, каб яны маглі з новай энергіяй выйсці да тых братоў і сясцёр, якія, хоць і былі ахрышчаны, страцілі кантакт з супольнасцю веруючых або якім не было дадзена пазнаць Езуса Хрыста, і яны працягваюць жыць па-за Касцёлам.
Удзельнікі сустрэчы былі заахвочаны да таго, каб набліжаць іншым Езуса Хрыста. “Каб занесці Езуса іншым, не трэба, канешне, здзяйсняць незвычайныя ўчынкі, а трэба проста мець сэрца, напоўненае любоўю да Бога і братоў”, - такія словы былі скіраваны да прысутных.
Падчас сустрэчы ўдзельнікам было прапанавана наведаць музей св. Яна Паўла ІІ у Вадавіцэ. У гэтым горадзе святы Папа прыйшоў у свет, з ім было звязана яго дзяцінства і сталенне.
Чыгуначнікі з Беларусі наведалі таксама санктуарый у Кальварыі Зэбжыдоўскай, дзе маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці перад цудатворным абразом Панны Марыі Кальварыйскай і ўдзельнічалі ў Крыжовым шляху.
Кс. Юрый Марціновіч