Skip to main content

Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні

smargon rek 1023-25 сакавіка ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Падчас іх спецыяльныя навукі былі скіраваны да дзяцей, моладзі, маладых сужэнстваў і астатніх вернікаў. Сёлета рэкалекцыі правёў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі.

На пачатку духоўных практыкаванняў рэкалекцыяніст заахвоціў вернікаў пастарацца абудзіць у сабе ў гэты час новага чалавека. “Для таго, каб стаць новым чалавекам, трэба найперш аднавіць нашыя адносіны з Панам Богам і з іншым чалавекам, які знаходзіцца побач з намі”, - адзначыў святар.

smargon rek 1

На працягу рэкалекцый вернікі мелі магчымасць паразважаць над Божым словам, якое падрыхтаваў на гэтыя дні Касцёл. Да іх быў скіраваны заклік нястомна навяртацца і паўставаць з граху, які аддаляе ад Бога. Таксама рэкалекцыяніст нагадаў пра абавязак кожнага любіць Бога і чалавека.

Апошні дзень рэкалекцый быў нагодай звярнуць увагу на жыццё Панны Марыі, поўнае пакоры і вялікага даверу, і імкнуцца так, як Яна, распазнаваць, прымаць і рэалізоўваць волю Бога ў сваім штодзённым жыцці.

Вельмі актыўна час рэкалекцый перажывалі дзеці. Яны мелі магчымасць спаткацца з фацімскімі пастушкамі і прыгадаць пасланне Маці Божай, скіраванае ў Фаціме роўна сто гадоў таму. Моладзь разам з рэкалекцыяністам і сёстрамі салезіянкамі, якія служаць у парафіі, шукала адказу на пытанне: як сёння быць сапраўдным сведкам Езуса Хрыста ў свеце?

smargon rek 12

Упершыню ў праграме парафіяльных рэкалекцый у Смаргоні была запланавана сустрэча з маладымі сужэнствамі. Сужэнцы дзяліліся тым, як адпаведным чынам перажываць час Вялікага посту, каб раніцай Уваскрасення Пана спазнаць сапраўдную радасць.

smargon rek 9

„Дзякую Пану Богу за такі цудоўны дар сустрэчы з вернікамі смаргонскай парафіі. Дзякую таксама пробашчу кс. Алегу Жураўскаму за скіраванае запрашэнне. Гэта быў час узаемнага ўзбагачэння досведам жыцця і веры”, - адзначыў кс. Юрый Марціновіч.

У Вялікі пост Касцёл заахвочвае ўсіх вернікаў прыняць удзел у велікапосных рэкалекцыях, якія арганізуюцца ў парафіях і павінны быць скіраваны да ўсіх. Тым, хто прамаўляе падчас рэкалекцый, з’яўляецца сам Езус, а рэкалекцыяніст толькі пераказвае тое, што Бог хоча сказаць не толькі да слыху людзей, але найперш да сэрца і душы.

JM