Skip to main content

Ксёндз Леанід Несцюк – знаўца прыгажосці прыроды і чалавечай душы

leonid nestyuk gervyaty 5hms124 сакавіка адышоў па вечную ўзнагароду кс. Леанід Несцюк, шматгадовы пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Астравецкі дэканат).

Гэта найперш вялікая страта для Гродзенскай дыяцэзіі. Святар быў вялікім знаўцам прыгажосці прыроды і чалавечай душы, прыхільнікам падтрымкі традыцый. Ксёндз Леанід Несцюк заўсёды меў здаровае пачуццё гумару, распавядаў добрыя анекдоты. Многім вернікам нашай краіны, а таксама далёка за яе межамі, святар запомніцца з усмешкай на твары і як руплівы працаўнік Божага вінаградніка.

Пробашч "беларускага Нотр-Дама"

Дзякуючы шматгадоваму служэнню ў гервяцкай парафіі ксяндзу Леаніду Несцюку ўдалося стварыць сапраўдную прыгажосць, якая прыцягвала да гэтага месца многія тысячы турыстаў, у тым ліку і людзей няверуючых, каб падзівіцца цудам гэтага свету.

Людзі, якія наведвалі Гервяты, неаднаразова абяцалі сабе вярнуцца сюды яшчэ.

kasciol gerw

Часта пасля сустрэчы з кс. Леанідам Несцюком, наведвання святыні і тэрыторыі вакол яе людзі вярталіся дадому перамененыя, умацоўваліся пасля такіх візітаў у веры і праслаўлялі Пана за ўсё стварэнне.

Ксёндз Леанід сам даваў прыклад працы і вялікага клопату аб прыгажосці матэрыяльнай святыні. Ён клапаціўся пра кожную кветку і дрэва, дасканала ведаў, калі ім патрэбна якаясьці прафілактыка. Усё адбывалася пад яго чулым вокам.

Святар, які любіў людзей

Ксёндз Леанід меў дасканалы кантакт з кожным, каго сустракаў, нават выпадковым чалавекам ці турыстам. Пасля першай сустрэчы з ім часта складвалася ўражанне, нібы знаёмыя ўжо даўно. Святар умеў слухаць, дапамагаць, служыць, а пры гэтым заўсёды быў сабой.

Тыя, хто сустракаўся з ім, надоўга запаміналі яго сардэчную ўсмешку, яго добрыя жарты. Ксёндз Леанід умеў жартаваць, а таксама смяяцца з самога сябе.

Улады Астравеччыны часта называлі яго “гонарам раёна”.

Ксёндз Леанід быў таксама вельмі простым чалавекам, чалавекам вялікага сэрца, і ўмеў дзяліцца гэтым сэрцам з іншымі.

Напэўна, святар меў яшчэ шмат планаў. Ён вельмі многае хацеў зрабіць для гервяцкага касцёла, планаваў пасадзіць яшчэ шмат кветак і дрэваў. Ён хацеў, каб астравецкая зямля, якая ў апошні час стала вельмі вядомай па прычыне будаўніцтва там АЭС, была яшчэ прыгажэйшай. Гэтай зямлі, з якой святар быў так моцна звязаны, ён аддаў усе свае сілы і сэрца.

Сёння, калі сярод нас ужо няма гэтага руплівага святара, калі на вачах пры звестцы аб яго смерці заблішчэла сляза, дзякуем Пану Богу за гэтага чалавека. Дзякуем Божаму Провіду за тое, што ў адпаведны час і ў адпаведным месцы паставіў гэтага чалавека.

Кс. Юрый Марціновіч