Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі з 17 па 19 сакавіка ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках. Духоўныя практыкаванні правёў айцец капуцын Андрэй Квяцінскі, пробашч парафіі ў Смалявічах.
Сустрэчы праходзілі не толькі ў парафіяльным касцёле, але і ў капліцах у Эйгердах і Ляпешках. Асобна было арганізавана спатканне для моладзі.
Айцец Андрэй дапамог вернікам паглыбіцца ў сэнс тэкстаў Евангелля і глыбей зазірнуць у сваё сэрца.
На пачатку рэкалекцый святар засяродзіў увагу на тым, што "Божае слова заўсёды актуальнае, таму падчас Імшы Евангелле неабходна слухаць так, быццам яно адрасавана менавіта табе".
Рэкалекцыяніст падкрэсліў, што "Бог міласэрны, што Ён любіць кожнага чалавека і прымае нас такімі, якія мы ёсць. І наша задача – быць перад Богам у праўдзе, цалкам давярацца Яму".
Напрыканцы айцец Андрэй прывёў словы св. Францішка з Асізі: " «Заўсёды абвяшчайце Евангелле, і, калі будзе патрэбна, нават з дапамогаю словаў». Хрысціяне павінны дзяліцца сваёй верай. І словы тут не на першым месцы, галоўнае – жыць у веры, каб людзі, якія з намі побач, бачылі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця і натхняліся гэтым".
Пробашч парафіі кс. Віталій Чурган ад імя ўсіх вернікаў падзякаваў а. Андрэю за прысвечаны час, сумесную малітву, адкрытасць, дабрыню і шчырасць.
Вікторыя Пярлухіна