Skip to main content

Сустрэча Апостальскага Нунцыя са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама: “Буду паслом Беларусі па-за яе межамі”

ulady 146 сакавіка на завяршэнне свайго трохдзённага візіту ў Гродна Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся са старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімірам Краўцовым.

У сустрэчы прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У ходзе сустрэчы Уладзімір Краўцоў адзначыў, што Гродзенская вобласць –асаблівы рэгіён, які характарызуецца міжнацыянальнымі і міжрэлігійнымі адносінамі. Старшыня аблвыканкама дадаў, што тут няма канфліктаў паміж канфесіямі, кіраўніцтва горада вядзе канструктыўны дыялог з усімі канфесіямі і вырашае актуальныя праблемы. “Мы цэнім тое, што ў нас паміж канфесіямі адзінства і мір”, - сказаў Уладзімір Краўцоў.

ulady 9

Старшыня аблвыканкама нагадаў пра спецыфіку горада Гродна і ўсяго раёна, гісторыя якога вельмі багатая, і дадаў, што ўлада прыкладвае ўсе намаганні, каб захаваць гістарычную спадчыну.

“Мы гэтым вельмі ганарымся, але гэта накладвае на нас абавязак, каб захаваць усю гістарычную спадчыну ў нашым рэгіёне”, - адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Па словах старшыні аблвыканкама, у апошні час да прыярытэтных задач адносіцца і развіццё турызму.

Акрамя таго, Уладзімір Краўцоў падзякаваў Апостальскаму Нунцыю за дзейнасць дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” у Гродзенскай вобласці. Як дадаў старшыня аблвыканкама, улада будзе падтрымліваць такія ініцыятывы.

У сваю чаргу Апостальскі Нунцый падзякаваў за сустрэчу, а таксама за ўсе ініцыятывы, якія дзяржава рэалізуе сумесна з Касцёлам, у прыватнасці з Гродзенскай дыяцэзіяй.

ulady 6

“Мы, Касцёл і дзяржава, маем агульную адказнасць – працаваць для дабра вернікаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі краіны”, - сказаў іерарх, дадаўшы, што тут гэта ўжо рэальнасць.

“Хачу прызнацца, што да прызначэння не чуў пра гэтую цудоўную краіну. Беларусь вельмі прыгожая, і кожны дзень я адкрываю тут нешта новае з традыцый, гісторыі, культуры”, - адзначыў Нунцый.

“Заахвочваю вас яшчэ больш рабіць рэкламу вашай краіны, каб іншыя яшчэ больш пазнавалі гэтую рэчаіснасць. А са свайго боку абяцаю, што буду не толькі паслом Ватыкана ў Беларусі, але і паслом Беларусі па-за межамі гэтай краіны”, - сказаў арцыбіскуп.

На завяршэнне сустрэчы прадстаўнік Святога Айца паабяцаў яшчэ не раз вярнуцца сюды, бо, па яго словах, “Гродзенская дыяцэзія застанецца важным месцам, таму што тут вельмі шмат католікаў”.

Кс. Юрый Марціновіч