6 сакавіка, у апошні дзень свайго прабывання ў Гродне, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр цэлебраваў святую Імшу ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У Імшы прынялі ўдзел навучэнцы і выкладчыкі семінарыі.
Вітаючы прадстаўніка Папы, рэктар семінарыі кс. Раман Рачко адзначыў, што семінарыя з’яўляецца вельмі важным месцам дыяцэзіі, паколькі менавіта тут фарміруюцца будучыя святары. Рэктар запэўніў таксама, што семінарыйная сям’я пастаянна спадарожнічае Святому Айцу Францішку сваімі малітвамі.
У гаміліі Апостальскі Нунцый заклікаў удзельнікаў літургіі прасіць Бога, “каб вучыў нас любіць іншых так, як Ён, служачы Яму ў кожнай патрабуючай асобе”.
“Даручаемся матчынай апецы Марыі, каб вучыла нас заўважаць патрэбы нашых бліжніх у моманты радасці і ў цяжкія хвіліны, несучы дапамогу ўсім тым, каго Бог паставіць на нашым шляху”, - дадаў арцыбіскуп.
На завяршэнне літургіі ад імя ўсіх семінарыстаў да Нунцыя звярнуўся Дзмітрый Малец, які падзякаваў іерарху за сумесную малітву, а таксама адзначыў, што разам з усёй нашай краінай Папу Францішка чакае і семінарыйная сям’я ў Гродне.
“Няхай у будучыні вернікі бачаць у вас сапраўдных святароў, а гэта будзе магчыма толькі тады, калі будуць бачыць вас шчаслівымі. Будуйце добрыя адносіны з Хрыстом і шукайце асабістага кантакту з Ім”, - гэтымі словамі развітаўся з семінарыстамі ватыканскі дыпламат.
(JM), (AG)