Skip to main content

Апостальскі Нунцый у гродзенскай катэдры: “Мера дасканаласці – маральная сталасць і ўзровень любові да Бога і бліжняга”(+відэа)

pryvitanne nuncyja 134 сакавіка, у свята св. Казіміра, каралевіча, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, у Гродна прыбыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Гэта першы візіт ватыканскага дыпламата ў Гродзенскую дыяцэзію. У яго ходзе арцыбіскуп жадае падчас непасрэднай сустрэчы пазнаёміцца з жыццём партыкулярнага Касцёла на Гродзеншчыне.

На самым пачатку іерарх накіраваўся ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя, які быў напоўнены шматлікімі вернікамі і духавенствам. Пры ўваходзе ў святыню прадстаўніка Папы прывіталі мясцовыя біскупы і канонікі катэдральнага капітула. Таксама арцыбіскупа прывіталі дзеці, якія ў сваім звароце да яго запрасілі Папу Францішка прыехаць у Беларусь. Нунцый у адказ адзначыў, што Пантыфік ведае пра запрашэнне, яго візіт рыхтуецца і ёсць шматлікія абставіны, якія трэба рэалізаваць. Арцыбіскуп паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб Папа прыехаў у Беларусь і, у прыватнасці, у Гродна.

 

Прывітанне Апостальскага Нунцыя ў гродзенскай катэдры

 

“Выраз духоўнай блізкасці Наступніка святога Пятра”

Вітаючы шаноўнага госця, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што візіт Апостальскага Нунцыя з’яўляецца „вельмі яскравым знакам існавання натуральнай і непарыўнай сувязі, якая злучае наш Касцёл на Гродзеншчыне з Апостальскай Сталіцай і з асобай Святога Айца Францішкa”.

„Прыбыццё арцыбіскупа да нас мы ўспрымаем як выраз духоўнай блізкасці Наступніка святога Пятра, яго айцоўскай любові і клопату аб нашым лакальным Касцёле, аб тым, каб ён мог як мага больш верна і плённа спаўняць сваю евангелізацыйную місію”, – дадаў іерарх.

pryvitanne nuncyja 18

Біскуп Кашкевіч запэўніў Апостальскага Нунцыя, што Касцёл на Гродзеншчыне нястомна ўзносіць да Пана і Збаўцы Езуса Хрыста малітвы ў інтэнцыі Папы Францішка, “давяраючы Яму праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці і ўсіх святых асобу і апостальскае служэнне Наступніка святога Пятра і ўсе інтэнцыі, якія Святы Айцец носіць у сваім сэрцы”.

„Маем моцную надзею, што Папа Францішак наведае Беларусь, і таксама ў гэтай інтэнцыі ўзносім нашы поўныя даверу малітвы”, – дадаў гродзенскі ардынарый.

pryvitanne nuncyja 24

Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што прадстаўнік Святога Айца прыбывае ў старажытны каралеўскі горад над Нёманам, які з’яўляецца не толькі сведкам багатай гісторыі, але і знакам шматвяковай прысутнасці хрысціянскай веры і Каталіцкага Касцёла на гродзенскай зямлі.

Касцёл на Гродзеншчыне абапіраецца на грунтоўны фундамент веры сваіх папярэднікаў

Гродзенцы – нашчадкі святых, жыццё якіх было звязана з гэтым горадам. Таму, вітаючы Апостальскага Нунцыя, біскуп узгадаў святых Касцёла, якія звязаны з горадам над Нёманам і пакінулі тут знак пасля сябе.

Іерарх нагадаў такім чынам пра святога каралевіча Казіміра, якi часта бываў у Гродне і адышоў да Пана таксама ў гэтым горадзе, на каралеўскім замку.

Гродна – гэта і горад святога айца Максімільяна Кольбэ, які служыў пяць гадоў у францішканскім касцёле за Нёманам. З Гродна звязаны благаслаўлёныя Мар’яна Бярнацкая, ксёндз Генрык Глябовіч, сястра Цэліна Бажэнцкая, Слуга Божы айцец Мэльхіор Фардон і шмат іншых, безыменных святых, якія пакінулі свой след у духоўнай спадчыне горада.

Як нагадаў біскуп, з Гродна звязана і асоба вялікага сына венгерскага народа, караля Стэфана Баторыя, які вельмі любіў гэты горад, часта тут бываў і ў 1586 годзе ў Гродне адыйшоў па вечную ўзнагароду да Пана.

Іерарх адзначыў, што вера на гэтых землях дзякуючы многім адважным вернікам была захавана і перададзена наступным пакаленням.

„Калі ў пасляваенныя гады вызнаванне і практыкаванне веры спатыкалася з пераследам, нашыя вернікі не адвярнуліся ад Хрыста, не адракліся ад традыцыі айцоў, не дазволілі вырваць у сябе з сэрца чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці”, – сказаў біскуп. Менавіта на гэтым моцным, грунтоўным фундаменце веры сваіх папярэднікаў, айцоў і дзядоў,Касцёл на Гродзеншчыне будуе свой сённяшні дзень, а таксама з даверам і адвагай глядзіць у будучыню.

Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый.

pryvitanne nuncyja 21

“Сумленнасць, паслядоўнасць і чысціня жыцця святога Казіміра”

У гаміліі арцыбіскуп Габар Пінтэр заўважыў, што гісторыя горада Гродна цесна звязана з гісторыяй святога Казіміра. Як дадаў іерарх, жыццё каралевіча Казіміра было вельмі кароткім – 26 гадоў, - але і гэтага “было дастаткова, каб дасягнуць дасканаласці”.

 


Гамілія арцыбіскупа Габара Пінтэра

 

“Мерай дасканаласці чалавечага жыцця з’яўляецца маральная сталасць і асабліва ўзровень любові да Бога і бліжняга, якая здольная запоўніць кожны дзень яго існавання”, - адзначыў Апостальскі Нунцый. Арцыбіскуп нагадаў пра “сумленнасць і паслядоўнасць” жыцця гэтага святога, які “не вагаўся нават паўплываць на свайго бацьку караля, калі гэтага патрабавала справядлівасць у адносінах да падданых”; пра “чысціню яго жыцця”. Казімір “старанна захоўваў чысціню цялесную і духоўную”, “пад каралеўскім убраннем насіў валасяніцу” і адмовіўся ад шлюбу з дачкой імператара.

Прыводзячы гэтыя звесткі, Апостальскі Нунцый закрануў тэму чысціні адносін – па яго словах, “вельмі сур’ёзную і актуальную ў жыцці сучаснага грамадства”. “Выбіраючы жыццё ў чысціні, святы, напэўна, не рабіў гэтага дзеля самой чысціні. Як у часы нашага святога, так і сёння Касцёл навучае, што чысціня не мае вартасці сама ў сабе, але як цнота павінна прывесці да перажывання адносін з іншымі ў свабодзе і праўдзе дзяцей Божых”.

У сувязі з гэтым Апостальскі Нунцый нагадаў словы Папы Францішка да моладзі ў Турыне: “Сапраўдная любоў адзначаецца глыбокай павагай да іншай асобы, не выкарыстоўвае іншую асобу, яна не заплямленая эгаізмам… Любоў – чыстая. Усе мы перажывалі такія моманты, калі жыць у чысціні становіцца вельмі цяжка. Аднак менавіта гэтая дарога вядзе да сапраўднай любові, да любові, здольнай аддаць жыццё, якая не шукае ўжывання іншай асобы дзеля ўласнага задавальнення”.

Па словах арцыбіскупа Габара Пінтэра, св. Казімір “сваім жыццём паказвае нам, што тое, да чаго заклікае нас Папа Францішак, магчыма”.

Святы Казімір – “прыклад даверу да Бога і самаадданай любові да бедных і патрабуючых”

“Яго сведчанне вялікай веры і гарачай любові да Бога працягвае мець адмысловае значэнне і ў наш час. Моладзі святы Казімір прапануе шлях паклікання, поўны выклікаў. Яго жыццё ў чысціні і малітве заклікае нас вызнаваць сваю веру з мужнасцю і стараннасцю, адкідаючы зманлівыя спакусы ўсёдазволенасці сённяшняга свету, і жыць паводле ўласных перакананняў з бясстрашнай верай і радасцю.

pryvitanne nuncyja 23

Яго жыццё таксама паказвае нам нязменную каштоўнасць хрысціянскай сям’і. (…) Кансэкраваныя асобы могуць знайсці ў ім натхненне для свайго богапрысвечанага жыцця. (…) Для прадстаўнікоў улады, для грамадскіх дзеячаў ён таксама можа быць добрым дарадцам, бо ён ушаноўваецца як заступнік свайго народа (…) ён вызначаўся справядлівасцю і любоўю да сваёй зямлі, вернасцю і ахвярным служэннем на карысць усяго грамадства і асабліва найменш абароненых”, - сказаў арцыбіскуп.

Іерарх падкрэсліў, што святы Казімір “для ўсіх стаў яркім прыкладам даверу да Бога і самаадданай любові да бедных і патрабуючых”.

Падчас Імшы таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі паслугу лектарату і акалітату.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фота: Ангеліна Пакачайла

Відэа: Юрый Лавыш