Skip to main content

Пабачыла свет кніга, прысвечаная гродзенскім кляштарным хронікам

kliasztarКніга "Гродзенскія кляштарныя хронікі XVII і XVIII стагоддзяў. Якасныя формы і камунікацыйныя аспекты" выйшла ў свет у 2016 годзе. Яе аўтар – беларускі гісторык Ганна Паўлоўская.

Да друку праца была падрыхтавана на факультэце свабодных мастацтваў Варшаўскага ўніверсітэта, выдадзена польскім прыватным выдавецтвaм DiG.

Кніга прысвечана генеалагічнаму і камунікацыйнаму аналізу тэкстаў гродзенскіх кляштарных хронік, якія ўзніклі ў другой палове XVII-XVIII стст. у кляштарах бэрнардынцаў, кармэлітаў босых, езуітаў і брыгідак у Гродне. Мэта працы – пошук належнага апісання відаў кляштарных хронік на прыкладзе гродзенскіх хронік.

ganna

Гродзенскія хронікі былі абраны для аналізу з прычыны спецыфікі Гродна ў XVII-XVIII стст. і разнастайнасці захаваных кляштарных хронік. Гродна ў гэты перыяд быў адным з найбольш значных гарадоў Вялікага княства Літоўскага і перыферыйным горадам у межах Рэчы Паспалітай.

Кляштарныя хронікі як гістарычныя тэксты адлюстроўваюць працэс утварэння гісторыі кляштараў. Вызначаныя манаскімі ўладамі летапісцы маглі прымаць рашэнне аб уключэнні апісання некаторых падзей у гістарычны аповед. Хронікі з’яўляюцца сведчаннем трансфармацыі камунікатыўнай памяці ў культурную, семіятызацыі падзей.

Кляштарныя хронікі з’яўляюцца з пункту гледжання свайго віду гібрыднымі тэкстамі. Акрамя ўласна хронік, да іх адносяцца і тэксты іншых відаў (вершы, памфлеты, дакументы, казанні, інскрыпцыі і інш.).

Спецыфікай хронік з’яўляецца шматаўтарства. Разам з тым кляштарныя хронікі, якія ствараліся на працягу доўгага часу (да некалькіх соцень гадоў), уяўляюць сабой звязны тэкст.

Хронікі, абраныя для аналізу ў дадзенай кнізе, ніколі раней не былі прадметам вывучэння. Спосаб правядзення аналізу адрозніваецца ад традыцыйнага спосабу даследавання гэтага корпусу тэкстаў.

Кс. Юрый Марціновіч