Напісаць тэматычныя карціны ў падтрымку анкахворых дзяцей запрапанавалі вядомым жыхарам Гродна 10 лютага ў гарадаскім Музеі гісторыі рэлігіі. Акцыю "З верай у жыццё і людзей" арганізаваў Гродзенскі дзіцячы хоспіс сумесна з Дзіцячай паліклінікай № 2. Такім чынам яны хацелі звярнуць увагу грамадскасці на праблемы ранняй дыягностыкі ракавых захворванняў.
Палотны стваралі не прафесійныя мастакі, але святары, лекары, кіраўнікі прадпрыемстваў, акцёры і барды.
"З дапамогай гэтай ініцыятывы мы хацелі таксама нагадаць, што людзі павінны незалежна ад сваіх здольнасцяў, наколькі магчыма падтрымліваць адзін аднаго ў цяжкіх сітуацыях", - адзначыла адна з арганізатараў мерапрыемства Вольга Шульга.
Сярод запрошаных прысутнічаў пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі. Праз выяву далоні святар перадаў просты, але істотны пасыл: "Усе мы розныя, але ў той самы час з'яўляемся адзіным цэлым. І толькі захоўваючы гэтае адзінства, зможам пераадолець усе нягоды".
У сваю чаргу прадстаўнік Праваслаўнай царквы адлюстраваў луг з макамі, кветкі якога з даўніх часоў з'яўляюцца сімвалам суцяшэння болю.
Асаблівай папулярнасцю сярод прысутных карыстаўся Анёл Ахоўнік, праз выявы якога сабраныя сведчылі аб сваёй веры ў яго нястомнае заступніцтва.
Карціны можна будзе ўбачыць у ТЦ "OldCity" 15 лютага - у Міжнародны дзень дзяцей, хворых на рак.
Ангеліна Марцішэўская