Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі ў трэцюю гадавіну прыняцця біскупскай сакры: хачу далей дапамагаць, служыць і шукаць тых, хто згубіўся

1 лютага дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначaе трэцюю гадавіну прыняцця біскупскай сакры.

У размове з grodnensis.by іерарх, які з’яўляецца генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, кажа, што гэты час быў багатым рознымі падзеямі, сустрэчамі з сотнямі вернікаў. Біскуп дадае, што гэта быў таксама час асаблівага “дотыку Пана Бога”, які дае здольнасць, сілу і моц і пасылае да людзей з радасным Евангеллем.

Быць для іншых пастырам і правадыром

“Праз дыяканскае, пазней прэзбітэрскае пасвячэнне, а тры гады таму праз прыняцце біскупскай сакры я адчуў асаблівы дотык Пана Бога, які з вялікай моцай звяртаецца да мяне, каб ішоў і абвяшчаў Евангелле”, - кажа іерарх.

2015 01 31 bp 5

Па словах біскупа Юзафа Станеўскага, гэтыя тры гады з часу прыняцця сакры – яго маленькі ўклад у гісторыю чалавецтва, нашага народа, веруючага чалавека, які ідзе шляхам распазнання Евангелля.

Іерарх адзначае, што праз біскупскае пасвячэнне прыняў канкрэтную задачу – абвяшчаць Божае слова, дасягнуць тых людзей, якія яшчэ далёка ад Касцёла, ад Бога, якіх трэба накіраваць у бок праўды.

“Пан Бог дае моц і сілу, робіць здольным быць для іншых пастырам і правадыром. Я ўсведамляю гэтую адказнасць, бо сённяшні свет мае патрэбу ў адважных пастырах. Я вельмі ўдзячны Пану Богу, што зірнуў на мяне, праходзячы над возерам майго жыцця і маіх абавязкаў, і праз рашэнне Святога Айца Францішка паклікаў мяне на гэтую пасаду”, - дзеліцца біскуп.

Быць сярод людзей і слухаць іх

Іерарх дадае, што яго штодзённае служэнне – гэта найперш падтрымка і дапамога ардынарыю, біскупу Аляксандру Кашкевічу. “Гэтыя задачы можна акрэсліць вельмі коратка: дапамагаць ардынарыю ў кіраванні дыяцэзіяй, служыць Касцёлу і шукаць згубленых авечак”, - кажа біскуп Станеўскі.

Іерарх прызнаецца, што ў сваім штодзённым служэнні Касцёлу на Гродзеншчыне і Паўсюднаму Касцёлу стараецца быць перш за ўсё добрым пастырам. Таму ён вельмі часта наведвае розныя парафіяльныя супольнасці, каб быць сярод людзей, услухоўвацца ў іх праблемы і бягучыя справы, разам маліцца. “Згодна са сваім біскупскім дэвізам, хачу ўсім несці “Радасць Евангелля””, - дадае іерарх.

2015 01 31 bp 2

Біскуп заўважае, што для яго кожная сустрэча з іншым чалавекам – вобразам і падабенствам самога Бога – з’яўляецца ўзаемным узбагачэннем.

Разам дакранацца да Евангелля

“Нашы людзі наогул вельмі адкрытыя. Старэйшае пакаленне – гэта багацце для нас, фундамент. Я часта размаўляю з людзьмі старэйшага пакалення. Я ведаю, якія ўмовы яны перанеслі, у якіх умовах вера была не толькі абаронена імі, але і ўзбагачана”, - кажа іерарх і адзначае, што цэніць таксама сустрэчы з малодшым пакаленнем, якое вучыцца намаганню і адвазе, каб вызнаваць сваю веру без страху.

“Наша моладзь поўная запалу і планаў. Трэба толькі паказаць ёй добры накірунак, паказаць шлях у бок Евангелля”, - дадае біскуп.

“Важна з кожным пакаленнем, а асабліва з маладым, размаўляць на мове Евангелля. Вельмі важна, каб малады чалавек у сваіх размовах часта звяртаўся да словаў Евангелля”, - кажа іерарх.

За гэтыя тры гады біскуп Юзаф Станеўскі, наведваючы парафіі, удзяляў многім маладым людзям сакрамэнт канфірмацыі, які робіць чалавека здольным адважна вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе прынцыпаў. Як заўважае іерарх, гэты сакрамэнт сапраўды робіць моладзь адважнымі сведкамі сваёй веры.

2015 01 31 bp 1

У якасці прыкладу біскуп узгадвае пра спантанныя сустрэчы – у краме ці на вуліцы – з маладымі людзьмі, якія падыходзяць да яго і кажуць, што ён удзяліў ім сакрамэнт канфірмацыі, што яны былі з ім на парафіяльнай урачыстасці і г.д.

“Гэта сапраўды цудоўна! Моладзь распазнае мяне ў натоўпе і не саромеецца падысці, каб прывітацца і засведчыць сваю прыналежнасць да Касцёла”, - кажа іерарх.

Па словах біскупа, усе гэтыя сустрэчы з вернікамі з’яўляюцца вялікай хвілінай, калі яны дакранаюцца да Евангелля праз служэнне сваіх пастыраў. Таксама іерарх адзначае, што чым больш часу святары будуць праводзіць з вернікамі, тым больш блізкім, зразумелым будзе станавіцца для іх Божае слова.

Біскуп Юзаф Станеўскі быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі з прысваеннем звання тытулярнага біскупа дыяцэзіі Tabaicara Святым Айцом Францішкам 29 лістапада 2013 года. Атрымаў біскупскае пасвячэнне 1 лютага 2014 г. у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

3 чэрвеня 2015 г. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі абрала біскупа Юзафа Станеўскага сваім Генеральным сакратаром.

У Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі з’яўляецца таксама членам Камiсii па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў.

Узначальвае Радy па справах свецкiх i моладзі.

Кс. Юрый Марціновіч