2 лютага Касцёл перажывае Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Свята 20 гадоў таму ўстанавіў св. Ян Павел ІІ. Падчас яго вернікі дзякуюць Пану за людзей, якіх Ён паклікаў праз розныя харызмы і духоўнасць сведчыць свету аб сваёй міласэрнасці, умацоўваць і абнаўляць справу абвяшчэння Евангелля для справядлівасці і міру ў адной вялікай чалавечай сям’і. Але як кансэкраваныя асобы распазнаюць пакліканне? У чым бачаць уласнае прызначэнне? Сваімі разважаннямі дзеліцца с. Ганна Мацуль з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Прыгажосць кансэкрацыі, на мой погляд, заключаецца ў тым, што Бог не кліча адораных, але ўздальняе, дае моц пакліканым. Праз кансэкрацыю чалавек становіцца асаблівай уласнасцю Усемагутнага. Гэта сапраўдны дар і вялікі давер Бога чалавеку.
Я працую на прахадной у доме сясцёр назарэтанак у Навагрудку: адчыняю дзверы, спатыкаю розных людзей і дзялюся з імі “часцінкай Назарэта”, яго гасціннасцю. Прысутнічаю на шматлікіх сустрэчах для моладзі і сямей, якія арганізуюцца нашай супольнасцю. Многія там дзеляцца сваімі гісторыямі жыцця, хтосьці шукае парады або просіць аб малітве. Заўважаю пасля гэтых спатканняў і размоў, што людзі не патрабуюць чагосьці недасяжнага і вялікага, ім неабходна звычайнае цяпло. Шмат можна сказаць ці перадаць усмешкай, асабліва калі гэта не проста выраз на твары, а парыў сэрца. Адчуваю сапраўдную радасць, калі дзялюся з людзьмі дабром, а яны адказваюць узаемнасцю. Дзякую Богу за Яго дары, якімі магу служыць, за кожнага чалавека, якога сустракаю на сваім шляху, і асабліва – за дар паклікання.
Кінга Красіцкая