Skip to main content

Адбылася святочная сустрэча біскупа Аляксандра Кашкевіча з удзельнікамі хору “Cantate Domino”

domino 328 студзеня прайшла святочная сустрэча біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з удзельнікамі хору Гродзенскай дыяцэзіі „Cantate Domino”. Навагодняя сустрэча пачалася святой Імшой у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую ўзначаліў біскуп. Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся асаблівым чынам у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае дыяцэзіяльны хор, што ўпрыгожвае сваім спевам літургію падчас найважнейшых касцёльных урачыстасцяў у дыяцэзіі.

domino 1

Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. Разважаючы над чытаннем Евангелля на гэты дзень, святар адзначыў, што сёння “трэба на ўзор апосталаў абудзіць Езуса і ўбачыць, што Ён побач са мной, Ён чакае, калі я Яго паклічу, калі запрашу ў сваё жыццё, аддам у Яго рукі з даверам сваё жыццё”.

Па словах святара, “трэба заўсёды запрашаць Езуса ў свае буры, страхі і няўпэўненасць, бо толькі Ён становіцца побач з намі, працягвае сваю руку і можа, а нават і хоча, вярнуць нам цішыню і супакой сэрца”.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне Імшы падзякаваў усім харыстам за актыўнае ўключэнне ў жыццё дыяцэзіі праз спеў. Іерарх адзначыў, што прыгожа аздобленая спевам літургія дапамагае вернікам засяродзіцца на малітве і перажыць яе адпаведным чынам.

„Дзякую вам за кожную ўрачыстасць, якую вы ўпрыгожваеце сваім спевам, а праз гэта хваліце нашага Бога”, – сказаў гродзенскі ардынарый. Іерарх асабліва падзякаваў за ўключэнне хору „Cantate Domino” ў юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя дыяцэзіі і яго біскупскай сакры, якія адзначаліся ў мінулым годзе.

Біскуп пажадаў, каб пад чулым кіраўніцтвам дырыжора Генрыка Давідовіча хор працягваў развівацца, а праз свой спеў не аднаго чалавека прыводзіў да Бога, які ёсць крыніцай усялякага дабра.

domino 9

Другая частка сустрэчы, падчас якой удзельнікі хору дзяліліся аплаткай і складалі адзін аднаму віншаванні, прайшла ў будынку біскупскай курыі. Гэта была нагода зблізку сустрэцца са сваім біскупам, абмяняцца некалькімі словамі, а таксама супольна радавацца.

Святочная сустрэча гродзенскага ардынарыя з хорам завяршылася спевам калядак і пастаралак, што своеасаблівым чынам працягвае атмасферу святаў Божага Нараджэння, дазваляючы адчуць цеплыню, якую нясуць гэтыя святы, і радасць, якая прыходзіць да нас з беднай і халоднай стаенкі. На заканчэнне ўсе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ад біскупа пастырскае благаслаўленне.

JM