Skip to main content

Фестываль "Gloria in Excelsis Deo" у 14-ы раз прайшоў у Іўі

iue 2722 студзеня ў Іўі адбыўся XIV фестываль калядных песень "Gloria in Excelsis Deo". Фестываль, які праходзіў у гарадскім Доме культуры, сабраў больш за 300 удзельнікаў з розных парафій Іўеўскага дэканату.

У розных катэгорыях выступілі салісты, дуэты, трыа, квартэты і ансамблі. Ганаровымі гасцямі свята акрамя парафіянаў горада сталі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнікі мясцовай улады ў асобе старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандра Булака і прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Сапраўднае свята ўсяго дэканату

Як адзначыў кс. Ян Гавецкі, пробашч іўеўскай парафіі і ініцыятар фестываля, якога ўдзельнікі гэтага свята называюць “маторам фестываля”, ініцыятыва мерапрыемства нарадзілася ўжо дастаткова даўно. “Спачатку ён адбываўся ў дастаткова прымітыўных умовах, вельмі сціпла. Сёння пасля столькіх гадоў мы бачым, што Бог вельмі шчодра адарыў нашу зямлю музычнымі талентамі”, – дадае святар.

iue 8

Па словах кс. Гавецкага, гэты фестываль – вялікая падзея ва ўсім Іўі, дзеці, моладзь, іх бацькі і жыхары горада чакаюць гэтага дня ўвесь год.

Святар кажа, што на працягу года стараецца падрыхтаваць як мага больш падарункаў, якія падчас фестываля будуць перададзены ўдзельнікам. Гэта разнастайныя ўзнагароды – пачынаючы ад плюшавых цацак і заканчваючы музычнымі інструментамі і роварамі.

iue 23

Таксама трэба адзначыць, што фестываль калядных і пастаральных песень у Іўі кожны год набірае ўсё большыя маштабы. Ён ужо даўно выйшаў за межы свайго дэканату, пазітыўныя водгукі пра яго можна пачуць ад вельмі многіх людзей, якія калісьці прысутнічалі на ім. Удзельнікі вельмі добра падрыхтаваны і добра адчуваюць сябе на сцэне.

„З кожным годам заўважаю, што для нас, журы, якое ацэньвае ўдзельнікаў, гэта становіцца вялікай праблемай, бо кожны з тых, хто выступае на сцэне, заслугоўвае першага месца”, – адзначае Генрык Давідовіч, старшыня журы, якое ацэньвае выступленні дзяцей і моладзі.

iue 3

Кожная парафія і ўдзельнік стараюцца ўнесці ў фестываль штосьці новае. Таму спевам спадарожнічаюць танцы, анімацыя, а таксама выгляд і ўбранне выступоўцаў.

„Мы не толькі рыхтуем спеў, якому трэба прысвяціць вельмі шмат часу, каб адпаведна падрыхтавацца да выступлення, але і клапоцімся аб тым, каб быў адпаведны выгляд”, – кажа сястра Ірына Бучынская, якая найчасцей заставалася за сцэнай і па-за святлом сафітаў, але кожны год уносіць велізарны ўклад у падрыхтоўку свята.

Манахіня дадае, што важныя таксама рухі ўдзельнікаў на сцэне, радасць, якая бачная ў іх вачах, чым трэба адарыць гасцей фестываля.

Фестываль – евангелізацыя свету

У конкурснай праграме выступілі салісты, дуэты, трыа, квартэты, ансамблі і хоры. Кожны нумар выступлення адрозніваўся вельмі прафесійнай падрыхтоўкай удзельнікаў. Дзеці з усмешкай на твары і энтузіязмам стараліся данесці да гледачоў вялікую радасць аб нараджэнні Хрыста.

Гэта заўважыў і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які падкрэсліў, што калядныя прадстаўленні, як і калядкі і пастаралкі, з’яўляюцца даўно вядомым спосабам евангелізацыі. Таму іерарх, дзякуючы арганізатарам мерапрыемства, заахвоціў прысутных да ўключэння ў евангелізацыю свету, a найперш нашай краіны, і заклікаў, каб кожны ўключыўся ў евангелізацыю так, каб наша краіна стала іншай, каб у ёй усе жылі ў згодзе і міры.

iue 12

Фестываль засноўваецца на тым, каб выбраць найлепшых удзельнікаў. Кожны, выходзячы на сцэну, перажываў і хацеў выступіць найлепш. Некаторыя перад выхадам імкнуліся засяродзіцца на малітве, а ў апошні момант, калі са сцэны ўжо аб’яўлялі іх імя і прозвішча, рабілі знак крыжа, просячы аб Божай дапамозе.

Найбольшую сімпатыю журы атрымаў ансамбль "Oremus" з Іўя, які атрымаў Гран-пры ўжо ў другі раз (першы – у мінулым годзе). Таксама кожны ўдзельнік атрымаў падарунак.

Фестываль паказаў, што наша зямля мае сапраўды здольных маладых людзей, якія жадаюць ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне.

Таксама фестываль паказаў, што ў нашай краіне ёсць дзеці і моладзь, якія хочуць праз спеў калядных песень славіць Бога, Даўцу ўсялякага дабра, і, паколькі ёсць добрая моладзь і добрыя дзеці – ёсць будучыня нашай краіны, будучыня нашага Касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Баляслаў Гавэцкі