Skip to main content

А. Андрэй Крот: «Варта арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы паміж прадстаўнікамі Цэркваў»

krot"Мяркую, не трэба абмяжоўваць нашае імкненне да адзінства адным тыднем, а арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы паміж прадстаўнікамі Цэркваў", - выказаў думку а. Андрэй Крот, душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне, у размове з grodnensis.by з нагоды Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян.

"Мне здаецца, што Тыдні малітваў аб еднасці хрысціян, на жаль, мала дапамагаюць імкненню да адзінства. Пра іх амаль не гаворыцца ў цэрквах нашага горада, няма адмысловых набажэнстваў у храмах, а малітва ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя – гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Думаю, так адбываецца таму, што нам пакуль утульна жыць у сваіх “канфесійных кватэрах”, а іншых хрысціян часта разглядаем як канкурэнтаў альбо нават ворагаў", - адзначыў святар.

"Мяркую, не трэба абмяжоўваць нашае імкненне да адзінства адным тыднем, а арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы паміж прадстаўнікамі Цэркваў. На іх можна было б абмяркоўваць, у першую чаргу, пытанні сумеснага служэння ў грамадстве, магчыма, і пэўныя балючыя аспекты веравучэння і гісторыі. Некалькі гадоў таму мой сябра з Адэсы распавядаў, што ў іх горадзе існуе Савет хрысціян, які аб’ядноўвае афіцыйных прадстаўнікоў Цэркваў. Думаю, падобны “орган” у Гродне быў бы вельмі патрэбны", - сказаў а. Андрэй Крот.

Кажучы пра тэму сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці – "Прымірэнне – любоў Хрыста ахапіла нас", – святар адзначыў: "Лічу вельмі важным, што мы звяртаем асаблівую ўвагу на любоў. Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках часта сутыкаюся са скептычным, а нават і варожым стаўленнем да хрысціянства. Асноўны закід, які робяць людзі ў наш бок – гэта нязгоднасць жыцця вернікаў розных канфесій з іх рэлігійнымі перакананнямі".

"Адсутнасць любові, канкурэнцыя ці варожасць паміж наступнікамі Хрыста – гэта, я б сказаў, “фундаментальная” неадпаведнасць Евангеллю, - падкрэсліў грэка-каталіцкі душпастыр. - Калі ў нас няма любові да брата, дык што ж казаць пра любоў да няверуючага, ворага, праследавацеля?"

Па словах святара, "варта звярнуць увагу і на іншы аспект сёлетняга дэвізу: брат ці сястра з іншай Царквы – гэта не “ерэтык” ці “раскольнік”, якога я павінен “збавіць” у сваёй Царкве"; "яны таксама ахоплены любоўю Хрыста і з’яўляюцца дзецьмі Божымі", "сваёй традыцыяй бліжні можа ўзбагаціць маю веру і, адпаведна, адносіны з Усявышнім".

Кінга Красіцкая