Skip to main content

У Дзятлаве ўпершыню адбыўся канцэрт, арганізаваны парафіяй

dziatlawa 214 студзеня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся канцэрт з нагоды мінулых святаў Божага Нараджэння і Новага года.

Ініцыятарам гэтай сустрэчы, якая была арганізавана ў першы раз, выступіў кс. Здзіслаў Пікула SDB, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве.

Святочны канцэрт сабраў шмат людзей, католікаў і праваслаўных, якія прыбылі, каб падзякаваць Богу Айцу за дар Слова, якое сталася Целам і прыйшло ў свет; каб разам праз спеў калядак і вясёлых песень славіць Езуса Хрыста, якому трэба падарыць сваё сэрца.

Аднавіць любоў да Бога і чалавека

„Хацелася б, каб увесь наш раён жыў у радасці і міры, каб у кожным сэрцы незалежна ад веравызнання нарадзіўся Хрыстус”, – гэтымі словамі прывітаў сабраных кс. Здзіслаў Пікула.

Святар адзначыў, што гэты канцэрт быў арганізаваны дзякуючы актыўнаму ўключэнню ў падрыхтоўку праграмы дзяцей і моладзі парафіі. Праграма, якая працягвалася амаль дзве гадзіны, была падрыхтавана на высокім узроўні.

dziatlawa 11

Акрамя радасных песень, якія казалі аб нараджэнні Езуса Хрыста, што жадае ўвасці ў сэрца кожнага чалавека і ў дом кожнай сям’і, таксама гучалі вершы, што заахвочвалі задумацца над сэнсам жыцця, якое трэба пражыць добра і выкарыстаць як найлепш кожную хвіліну.

Дзеці і моладзь заахвочвалі слухачоў перажываць свята Божага Нараджэння кожны год з глыбокай верай і даверам Пану, жадалі, каб гэта было нагодай аднавіць сваю любоў да Бога і іншага чалавека. „Божае Нараджэнне прыносіць нам дабро, радасць, цудоўныя эмоцыі. Але галоўным чынам Божае Нараджэнне – свята любові”, – гучала падчас канцэрту.

dziatlawa 8

Даць Богу ў дар сваё сэрца

Таксама дзеці і моладзь прадставілі дзве кароткія сцэнкі: “Падарунак на Божае Нараджэнне” і “Міласэрнасць”. Змест сцэнак быў красамоўным і глыбокім: ён заключаўся ў тым, што, па-першае, найлепшы падарунак, які чалавек можа даць Богу, – гэта сваё сэрца, а па-другое – што трэба дзяліцца частачкай сваёй любові з бліжнім і быць адкрытым на яго праблемы.

Падчас канцэрту неаднаразова нагадвалася, што святы Нараджэння Пана – добрая нагода аднавіць адносіны з іншым чалавекам і выправіць усе крыўды.

„У старыя добрыя часы на Божае Нараджэнне людзі збіраліся ўсёй сям’ёй, забывалі спрэчкі, прасілі прабачэння ў сваіх блізкіх за клопаты і міжвольныя крыўды. Няхай жа і ў наш час гэтая традыцыя не страціць сваёй значнасці і будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне”, – такія словы гучалі падчас канцэрту.

Спецыяльным госцем вечара была група “Небасхіл” з Мінска, якая ўнесла шмат радасці і пазітыўных эмоцый у сустрэчу.

Ксёндз Здзіслаў Пікула, як і самі ўдзельнікі канцэрту, адзначае, што трэба часцей арганізоўваць такія сустрэчы, бо яны яднаюць усіх у адну сям’ю Божых дзяцей і з’яўляюцца добрай нагодай, каб быць разам і дзяліцца радасцю.

dziatlawa 5

Канцэрт у Дзятлаве сапраўды стаў святам любові, бо ў гэты вечар у вялікай зале Цэнтра культуры панавала цудоўная атмасфера і святочны настрой. З гэтымі эмоцыямі гледачы вярталіся дадому, каб сведчыць, што Езус Хрыстус – Пан нашага жыцця, які жадае, каб кожны чалавек падарыў Яму сваё сэрца, поўнае любові і добрых спраў.

Кс. Юрый Марціновіч