Skip to main content

Сустрэча з членамі апостальскага руху “Маргарытка” прайшла ў Гродне

margarytka 415 студзеня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася навагодняя сустрэча з членамі малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Гэта малітоўная група, якая кожны дзень моліцца ў інтэнцыі святароў.

Урачыстую святую Імшу ў семінарыйнай капліцы з удзелам шматлікіх прадстаўнікоў апостальства з тэрыторыі ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Ксёндз Валерый Быкоўскі, мадэратар малітоўнай групы ў Гродзенскай дыяцэзіі, вітаючы біскупа, адзначыў, што сёння існуе ўжо цэлае войска вернікаў, якія кожны дзень атачаюць святароў малітвамі і ахвяруюць у іх інтэнцыі свае цярпенні, адрачэнні, такім чынам ахвярна падтрымліваючы іх.

Быць для атачэння ахвярным ягнём

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, разважаючы над Евангеллем гэтага дня, звярнуў увагу, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет як ціхае ягнё.

„Езус вучыць нас таму, што кожны павінен мець у сабе штосьці ад гэтага пасхальнага ягняці, якое ахвяруе сябе за іншых. Мы жывём для таго, каб ахвярай нашага жыцця, як калісьці ахвярай Хрыста-ягняці, карысталіся іншыя”, – сказаў святар.

Ксёндз Марціновіч дадаў, што кожны чалавек павінен быць для свайго атачэння, як Хрыстус, ахвярным ягнём.

„Як ахвярай маці карыстаюцца дзеці, як з працы бацькі жыве сям’я, так з нашай працы і нашай ахвяры будуць жыць і збаўляцца іншыя. Каб мы толькі ўмелі зразумець сэнс і значэнне ахвяры ў нашым жыцці”, – адзначыў кс. Юрый.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім, хто належыць да апостальскага руху “Маргарытка”, за ўключэнне ў гэтую прыгожую малітоўную справу, якая ўжо некалькі гадоў імкліва развіваецца ў Гродзенскай дыяцэзіі. Іерарх адзначыў, што кожны член гэтага руху праз сваю малітву вельмі падтрымлівае служэнне святароў дыяцэзіі.

margarytka 8

Па словах біскупа, дзякуючы гарачай малітве многіх добрых людзей святары могуць узрастаць у Божай ласцы і рэалізоўваць сваё пакліканне.

„Ад нашай малітвы залежыць вельмі шмат. Ад яе залежыць таксама і тое, якіх святароў мы будзем мець”, – дадаў іерарх і заахвоціў да далейшай малітвы ў інтэнцыі ўсіх святароў, якім патрэбна гэтае ціхае малітоўнае спадарожнічанне і падтрымка.

Аберагаць святароў малітвай

Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткай і святочнымі віншаваннямі, калі кожны мог індывідуальна выказаць пажаданні свайму біскупу, мадэратару руху, які так актыўна займаецца пашырэннем гэтай справы ў дыяцэзіі, прысутным святарам і адзін аднаму.

margarytka 10

Малітоўная група “Маргарытка” паўстала ў Гродзенскай дыяцэзіі некалькі гадоў таму па ініцыятыве кс. Валерыя Быкоўскага і саміх свецкіх вернікаў.

 Сутнасць апостальскага руху “Маргарытка” – штодзённая малітва за канкрэтных святароў. Членамі гэтага апостальскага руху становяцца людзі, якія жадаюць аберагаць сваіх пастыраў самай паспяховай зброяй, якой з’яўляецца малітва, і ўмацоўваць сваю асабістую сувязь з Хрыстом праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

Рысамі, якія адрозніваюць членаў апостальскага руху “Маргарытка”, павінны быць: імкненне да святасці, асабістае сведчанне, якое даецца ў штодзённым жыцці, і пастаянная малітва за святароў і за Паўсюдны Касцёл на ўзор Панны Марыі. Члены руху памятаюць у сваіх малітвах таксама пра кансэкраваных асобаў і ў лучнасці з іншымі рухамі рупліва моляцца аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да святарства, манаскага жыцця і місіянерства.

Сёння ў Гродзенскай дыяцэзіі ўжо каля 800 такіх “Маргарытак”, якія кожны дзень моляцца ў інтэнцыі абранага святара. Да кожнай з “Маргарытак” належыць 7 чалавек.

JM