8 студзеня, у нядзелю Хросту Пана, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У літургіі ўдзельнічалі шматлікія вернікі горада, семінарысты і ўдзельнікі рэкалекцый на тэму паклікання, арганізаваных у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што літургія слова гэтага дня прадстаўляе Езуса як дарослага чалавека ва ўзросце каля 30 гадоў, які прыйшоў з Галілеі на раку Ярдан, каб прыняць з рук Яна Хрысціцеля хрост пакаяння.
„Пан Езус прыняў хрост, каб аб’явіць людзям любоў і міласэрнасць Бога”, - дадаў іерарх. Біскуп патлумачыў, што Езус у сваёй міласэрнасці выходзіць насустрач чалавеку, і такім чынам сустракаюцца любоў Бога і любоў чалавека.
„Кожны ахрышчаны можа з гонарам сказаць пра сябе, што праз гэты сакрамэнт Бог Айцец абвясціў яго сваім умілаваным дзіцём і адкрыў перад ім брамы да неба, а Дух Святы сышоў на яго і ўчыніў яго новым стварэннем”, - адзначыў гродзенскі ардынарый.
Іерарх нагадаў сабраным пра значэнне святога хросту, праз які чалавек становіцца асаблівай уласнасцю Бога. “Гэты дар быў нам удзелены раз і назаўсёды. Нішто не ў стане пазбавіць нас гэтай ласкі”, - сказаў біскуп.
Іерарх звярнуў увагу, што хрост з’яўляецца дарам, які нясе з сабой абавязкі. “Можна параўнаць яго да паклікання, якое чалавек атрымлівае ад Бога і якое патрабуе штодзённага адказу”, - дадаў біскуп.
„Сакрамэнт святога хросту абавязвае нас да таго, каб мы штодзённым жыццём, кожным нашым словам і ўчынкам давалі сведчанне жывой веры і прыналежнасці да Хрыста”, - падкрэсліў гродзенскі ардынарый.
Па словах біскупа, нядзеля Хросту Пана з’яўляецца добрай нагодай, каб падзякаваць Богу за гэтую вялікую ласку сакрамэнту хросту. Таму іерарх заклікаў вернікаў выказаць Богу ўдзячнасць за сваіх бацькоў і хросных, якія калісьці прынеслі іх у касцёл, каб уключыць у супольнасць Божага народу.
„Падзякуем за дар веры, перададзены нам бацькамі і нашай супольнай Маці – Касцёлам, каб мы, ідучы шляхам збаўлення, дайшлі да абяцанай нябеснай айчыны”, - заахвоціў біскуп.
У гэты дзень вернікі, наведваючы святыню, прасілі Бога ў малітве аб тым, каб аднавіў у іх ласку святога хросту, каб з вялікай верай і радасцю яны захоўвалі ў сабе гэты найкаштоўнейшы скарб, якім Хрыстус Уваскрослы адарыў кожнага.
Кс. Юрый Марціновіч