З 3 па 5 студзеня ў вёсцы Жупраны пры парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла прайшла сустрэча аб пакліканні для дзяўчат, якую арганізавалі сёстры салезіянкі. У спатканні прынялі ўдзел верніцы з розных куткоў Беларусі: з Багданава, Жупранаў, Мінску і Смаргоні.
Тэмай рэкалекцый стала "Сям'я — школа жыцця і любові". Сабраныя разважалі над тым, як сям'я можа быць пляцоўкай для ўзрастання ў любові, і як паслухмянасць можа навучыць любіць.
Кожны дзень дзяўчаты мелі магчымасць удзельнічаць у св. Імшы. Яе праводзіў кс. Казімір Мурава SDB, які прыняў удзельніц сустрэчы ў сваёй хаце. У першы дзень дзяўчаты разважалі над словамі Папы Францішка, які заклікаў юнакоў і дзяўчат любіць па прыкладзе Хрыста. Падчас малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам кожная з удзельніц рэкалекцый шукала той заклік, які Бог праз словы Папы скіроўвае да яе.
На другі дзень было шмат сюрпрызаў: канферэнцыя, "гадзіна пустыні" (асабістае разважанне над дадзенымі пытаннямі ў цішыні), калядаванне па вёсцы, прагляд фільма "Апошні падарунак" і сустрэча па Skype з Юліяй Клявец, якая знаходзіцца на фармацыі ў сясцёр салезіянак у Італіі. Яна распавяла пра шлях распазнання свайго паклікання і падзялілася дзесяццю пунктамі, якія ёй у гэтым дапамаглі. Таксама ў Жупраны завіталі с. Ірына Барцэвіч FMA з маладой сям’ёй Эдуардам, Веранікай і Дамінікай Рогач. Так дзяўчыты мелі шанец пачуць гісторыю паклікання маладой сям’і і задаць розныя пытанні.
Апошні дзень быў прысвечаны разважанню над словамі Святога Пісання, над прыкладам Святой сям’і, у цэнтры якой заўсёды стаіць Езус.
Сустрэчы аб пакліканні праводзяцца некалькі разоў у год. У іх прымаюць удзел дзяўчаты ад 14 гадоў. Наступнае спатканне адбудзецца ў Смаргоні 11 – 12 лютага.
Паводле sdb.by