30 снежня вернікі лідскай парафіі Святой Сям’і адзначалі 20-годзе заснавання сваёй парафіяльнай супольнасці. Урачыстасць праходзіла ў дзень парафіяльнага адпусту Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа.
На ўрачыстасць прыбылі шматлікія святары і вернікі парафіі. Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную сям’ю, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заклікаў усіх да малітвы за сем’і нашай краіны, выказваючы прагненне, каб кожная сям’я была моцная Богам.
Абудзіць сваё сэрца
У гаміліі дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў, што стварэння парафіі ў новым лідскім раёне хацелі самі вернікі, каб каля сваіх дамоў, як сказаў іерарх, “стварыць месца дотыку Пана Бога”. Біскуп дадаў, што сёння, праз 20 гадоў, вернікі парафіі з’ядналіся ў адну парафіяльную супольнасць, якой на працягу гэтага часу апякуецца Святая Сям’я з Назарэта.
Іерарх заклікаў, каб усе сем’і, якія належаць да парафіі, заўсёды бралі ўзор са Святой Сям’і, якая заахвочвае кожнага да жыцця пакорнага і вернага Богу. Біскуп адзначыў, што Святая Сям’я з Назарэта вучыць пашане да жыцця, якое ў апошні час вельмі часта забіваецца абортамі і эўтаназіяй.
„Абудзіце сваё сэрца і зразумейце, што сям’я будзе моцнай толькі тады, калі паставіць Бога на першым месцы”, - заклікаў іерарх, а таксама папрасіў, каб усе – ад самага малодшага да самага старэйшага – абудзіліся да вернасці, клопату, павагі да іншага чалавека і да большай адказнасці за выхаванне новых пакаленняў.
Святыня парафіі Святой Сям’і ў Лідзе была ўзведзена дзякуючы вялікай актыўнасці пробашча кс. каноніка Юзафа Ганьчыца, які ўкладвае ў душпастырства ўсё сваё сэрца і жадае, каб кожны, хто прыходзіць у святыню, знаходзіў для сябе мір і любоў. А ўсё гэта можа даць толькі Бог, калі чалавек пачне з Ім супрацоўнічаць. Будаўніцтва святыні ахвярна падтрымлівалі самі вернікі, вялікім жаданнем якіх было тое, каб сярод іх стаў прабываць Пан Бог.
Жывая супольнасць вернікаў
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў рупліваму душпастыру і ўсім яго памочнікам за іх вялікую адданасць вернікам, а таксама пажадаў, каб парафіяльная супольнасць далей працягвала прыгожую традыцыю адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту цэлымі сем’ямі, з якой кожная чэрпае моц і сілу для перажывання ўсялякіх крызісаў і цяжкасцяў жыцця.
Сёння, праз 20 гадоў, парафіяльная супольнасць у Лідзе з’яўляецца вельмі моцнай і жывой. Яе ўтвараюць найперш маладыя сужэнствы, некаторыя маюць шмат дзяцей. Гэта цэлае войска хлопцаў, якія належаць да літургічнай службы алтара, а ўжо некалькі гадоў запар адзін з іх паступае ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
У парафіі шмат гадоў дзейнічае евангелізацыйны рух «Gloriosa Trinita», да якога належыць шмат сем’яў. Гэта добрая магчымасць, каб паглыбляць сваю веру, адчуваць сябе патрэбным у Касцёле, а ў выпадку цяжкасцяў і праблем у сям’і падтрымліваць адно аднаго.
Парафія Святой Сям’і ў Лідзе заўсёды гасцінная. Некалькі разоў у год яна прымае ўдзельнікаў дыяцэзіяльных з’ездаў розных груп вернікаў, якіх кожны раз сустракаюць тут з вялікай дабразычлівасцю і цеплынёй.
Шмат прыгожых душпастырскіх акцый і разнастайных праектаў парафія праводзіць кожны год, а гэта яшчэ больш яднае яе членаў і набліжае да Бога. Яны ўсведамляюць, што толькі ў еднасці сіла, толькі разам можна шмат зрабіць і разам ісці да святасці.
Цешыць таксама факт, што падчас кожнай урачыстасці парафіяльная святыня цалкам напоўнена. Шмат вернікаў уключаецца ў парафіяльнае жыццё і жыве справамі Касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч