Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа — патранальнае свята Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. 30 снежня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгідскі) у Гродне, дзе сёстры назарэтанкі служаць шмат гадоў, прайшлі яго галоўныя святкаванні.
Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі іерарх асабліва маліўся ў інтэнцыі ўсёй супольнасці, каб праз сваё штодзённае служэнне кожная манахіня набліжалася да Бога і паказвала іншым людзям шлях да Яго.
Таксама біскуп заклікаў да малітвы ў інтэнцыі ўсіх сем’яў краіны, якім асабліва ў сённяшні час патрэбна малітоўная падтрымка. Іерарх выказаў прагненне, каб кожная хрысціянская сям’я ў нашай краіне была моцная Богам і на Яго фундаменце будавала сваю будучыню.
Карыстаючыся нагодай, гродзенскі ардынарый падзякаваў усім сёстрам назарэтанкам за адданае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, якое яны нясуць Касцёлу.
Падчас Імшы сёстры назарэтанкі аднавілі манаскія абяцанні, каб далей з маладым запалам рэалізаваць свой харызмат.
Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ўдзельнічае ў розных формах апостальскай дзейнасці ў Касцёле, асабліва праз служэнне сем’ям. Такой была воля заснавальніцы кангрэгацыі — благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай.
Радаснае святкаванне завяршылася супольнaй вячэрай і спевам калядак у правінцыяльным доме сясцёр назарэтанак.
Кс. Юрый Марціновіч