Skip to main content

У Гродне развіталіся з трагічна загінулым кс. Тадэвушам Вышынскім

wyszynski 529 снежня ў гродзенскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа (пабернардынскі) адбылася пахавальная Імша ў інтэнцыі кс. д-ра Тадэвуша Вышынскага CM, які трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Святар шмат гадоў быў выкладчыкам дагматычнай тэалогіі і касцёльнай музыкі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. З 1992 года яго жыццё было звязана з Касцёлам на Гродзеншчыне.

На малітве сабраліся шматлікія святары і свецкія вернікі. Літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй удзельнічалі таксама біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Удзельнікі Імшы сабраліся, каб праз здзяйсненне Эўхарыстычнай Ахвяры і абрадаў апошняга развітання выказаць удзячнасць святой памяці кс. Тадэвушу Вышынскаму, які так нечакана і трагічна адышоў з гэтага свету.

wyszynski 13

Актыўны ўдзельнік адраджэння рэлігійнага жыцця на Гродзеншчыне

Спачылы быў дарагім і блізкім для многіх святароў, якія ў час вучобы ў семінарыі атрымлівалі ад яго веды і жыццёвую мудрасць. Апошнія 24 гады свайго жыцця ён быў звязаны з Касцёлам на Гродзеншчыне, якому ахвярна і велікадушна служыў.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч назваў спачылага святара сведкам, але і актыўным удзельнікам адраджэння жыцця Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне.

„Як выкладчык і выхавацель у Вышэйшай духоўнай семінарыі ён “зрабіў” цэлае пакаленне маладых святароў – выпускнікоў нашай навучальнай установы, якія сёння спаўняюць служэнне не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і за яе межамі: у іншых дыяцэзіях у Беларусі, а таксама ва Украіне, Літве і Казахстане”, - сказаў біскуп.

Іерарх адзначыў, што як хрысціянін кс. Вышынскі здзіўляў прыгожым і глыбокім перажываннем уласнай веры, а як святар і манах быў узорам для многіх духоўных асобаў, бо вельмі цаніў і любіў дар паклікання, якім Бог яго адарыў.

wyszynski 6

Быў вялікім дарам для мясцовага Касцёла

Па словах біскупа, з перспектывы чвэрці стагоддзя добра відаць, якім вялікім дарам для мясцовага Касцёла былі прысутнасць і служэнне кс. Тадэвуша.

Ён арганізаваў і праводзіў на вельмі высокім узроўні лекцыі па дагматычнай і фундаментальнай тэалогіі, вучыў спевам і касцёльнай музыцы. Дзякуючы яго старанням як дырэктара семінарыйнай бібліятэкі яе кнігазбор быў упарадкаваны, каталагізаваны і значна ўзбагачаны.

Ён быў членам калегіі кансультантаў і святарскай рады, служыў Касцёлу на Гродзеншчыне як цэнзар кніг і член рэдкалегіі навуковага часопіса “Studia Theologica Grodnensia”.

„У святле веры трэба сцвердзіць, што калі Пан Бог забраў яго да сябе, гэта значыць, што надышла яго гадзіна, што ён дапісаў да канца апошні раздзел сваёй прыгожай кнігі жыцця і што на гэтым свеце выканаў ужо ўсё, што Бог у сваім Провідзе вызначыў яму споўніць”, - дадаў гродзенскі ардынарый.

Урачыстасць завяршылася малітвамі апошняга развітання ля труны кс. Вышынскага. Затым яго студэнты-семінарысты, якім ён да канца жыцця служыў як выкладчык і ўзор святара, у працэсіі перанеслі цела спачылага да семінарыйных брамаў, з-пад якіх ён вырушыў у сваё апошняе падарожжа – у Варшаву, дзе будзе пахаваны ў грабніцы Супольнасці місіянераў св. Вінцэнта дэ Поля, да якой належаў, на адных з найбольш старажытных могілак – Паважкоўскіх.

Шматлікія прысутныя вернікі праводзілі машыну з целам спачылага святара апладысментамі, такім чынам жадаючы выказаць удзячнасць за столькі дабра, якім кожны дзень дзяліўся кс. Тадэвуш Вышынскі з усімі, каго сустракаў.

Тэкст: кс. Юрый Марціновіч

Фота: Андрэй Юхнік