Skip to main content

Аплаткавая сустрэча салезіянаў і салезіянак з іх бацькамі і роднымі адбылася ў Смаргоні

19 снежня ў Смаргоні браты салезіяне, сёстры салезіянкі, прынавіцыі, а таксама іх бацькі і родныя сабраліся разам на дзяленне аплаткай. На пачатку сабраныя паслухалі ўрывак з Евангелля, які распавядае аб нараджэнні Збаўцы. Потым усе разам заспявалі калядкі. Адчувалася еднасць не толькі паміж прадстаўнікамі салезіянскай кангрэгацыі, але і паміж іх бацькамі.

Падчас дзялення аплаткай усе казалі адзін аднаму пажаданні, перапрашалі за крыўду і дзяліліся радасцю ад надыходзячага свята Божага Нараджэння. На завяршэнне сустрэчы Рэгіянальны настаяцель Салезіянскага Таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB выказаў задаволенасць тым, што такая сустрэча адбылася, а таксама надзею, што ад гэтага моманту падобныя сустрэчы стануць традыцыйнымі. Бацькі і ўсе прысутныя таксама дзякавалі за магчымасць супольнай сустрэчы і выказвалі спадзяванні, што гэта не апошняя сустрэча ў такім фармаце.

Звычай ламання аплаткай бярэ свой пачатак у раннім хрысціянстве і адносіцца да абраду, які звязаны з ламаннем, раздаваннем і распаўсюджваннем ахвярных хлябоў. Аплатка, як і ўсё Божае Нараджэнне, з’яўляецца знакам супольнасці. Ламаючыся ёй у сем’ях, людзі складаюць адзін аднаму пажаданні і просяць аб прабачэнні. Дзелячыся сімвалам узаемнай любові і пашаны, жадаюць перш за ўсё сваім блізкім і знаёмым дабра фізічнага і духоўнага. Таму вельмі важна, каб падобна як ахвяруем сваім блізкім гэты малы кусочак хлеба, мы маглі ў жыцці дзяліцца з патрабуючымі сваім сэрцам, здольнасцямі і штодзённым хлебам. Гэты белы хлеб, які нараджаецца з вялікай колькасці зярнятак, павінен з’яўляцца для нас сімвалам адзінства і дабра, якія злучаюць нас у адну вялікую сям’ю ў Хрысце.

Больш фотаздымкаў па спасылцы