22 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
У сустрэчы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Да супольнага святкавання былі запрошаны і семінарысты.
Сустрэча пачалася малітвай брэвіярыя, канферэнцыяй і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Ад імя ўсіх святароў дыяцэзіі віншаванні з нагоды набліжэння святаў Божага Нараджэння скіраваў да гродзенскага ардынарыя біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх выказаў удзячнасць біскупу Аляксандру Кашкевічу за тое, што ўжо 25 гадоў ён спакойна вядзе Касцёл на Гродзеншчыне і з айцоўскай любоўю ставіцца да кожнага святара. Дапаможны біскуп дадаў, што большасць святароў, якія сёння служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, атрымалі пасвячэнне з рук біскупа Кашкевіча.
Біскуп Станеўскі пажадаў усім святарам, каб Бог нарадзіўся ў кожным сэрцы, каб праз дзяленне аплаткай «у нашай святарскай сям’і заўсёды панавала братэрская згода, мір і еднасць».
Падчас узаемных віншаванняў біскупы дзякавалі святарам за ахвярнае служэнне вернікам і за ўсе душпастырскія акцыі, якія яны рэалізуюць у сваіх парафіяльных супольнасцях.
Гэта быў ужо другі тур аплаткавай сустрэчы. Першы адбыўся днём раней у лідскай парафіі Святой Сям’і.
Кс. Юрый Марціновіч