Skip to main content

Бэтлеемскае Святло міру заззяла ў Гродне

betleem321 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне было ўнесена Бэтлеемскае Святло міру, якое даставілі харцэры.

Дзякуючы старанням і ахвярнасці харцэраў Бэтлеемскі агонь пераадольвае тысячы кіламетраў і дзясяткі межаў, каб заззяць у нашых касцёлах, капліцах, прыватных дамах і ўсюды, куды яго заносяць вернікі. У Беларусь Бэтлеемскі агонь прыбыў ужо ў 17-ы раз.

Бэтлеемскі агонь прыняў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На набажэнстве cабраліся вернікі Гродна i ваколіц, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, дзе ён будзе нагадваць аб Уцелаўленні Божага Сына.

Падчас набажэнства перадачы Бэтлеемскага агню біскуп нагадаў яго багатую сімволіку.

“Дазволім, каб цяпло Божай любові нас сагрэла”

„Пан Езус у таямніцы свайго Нараджэння прыходзіць да нас як Дзіцятка, каб аб’явіць нам сваю любоў, якая жадае дасягнуць кожнага чалавека. Для гэтай любові нічога не значаць межы ці адлегласці, бо Пан Езус з’яўляецца сапраўдным Эмануэлем – Богам з намі, Богам вельмі блізкім, на адлегласці выцягнутай рукі”, - сказаў іерарх.

“Агонь дае нам цяпло. Як жа моцна прагнуць гэтага цяпла Божай любові нашы сэрцы! Як жа патрэбна яно нашым сем’ям, супольнасцям, парафіям і ўсяму грамадству! Дазволім у гэтыя святы Божага Нараджэння, каб цяпло Божай любові нас сагрэла. Няхай растане ў ім усялякі лёд узаемнага недаверу, нелюбові, антыпатыі, абыякавасці, жаляў і паразаў. Няхай нашы сэрцы, разагрэтыя ў агні Божай любові, запалаюць любоўю да бліжняга, узаемнай дапамогай, прыхільнасцю, лагоднасцю, бескарыслівасцю, прабачэннем і паяднаннем", - пажадаў біскуп.

“Агонь – гэта таксама святло. Пан Езус казаў пра сябе: „Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры” (Ян 12, 46). Гэтым святлом з’яўляецца таксама Слова Добрай Навіны, якое асвячае нашы шляхі жыцця, каб мы не заблукалі на падманах зла і граху, але дайшлі бяспечна да мэты нашай зямной пілігрымкі”, - адзначыў гродзенскі ардынарый.

Іерарх падзякаваў скаўтам за гэты цудоўны знак агню, які злучае нашу краіну з Айчынай Езуса, святым месцам, у якім Сын Божы прыйшоў у свет. „Нягледзячы на вялікую геаграфічную адлегласць, яно духоўна блізкае кожнаму з нас, а дзякуючы гэтаму агню стала яшчэ больш блізкім і дарагім”, - дадаў біскуп.

betleem6

Іерарх папрасіў усіх прысутных жыхароў Гродна занесці гэты агонь не толькі ў свае дамы, але таксама да людзей самотных, абцяжараных цярпеннем з прычыны хваробы або пажылога ўзросту. „Няхай Бэтлеемскі агонь заззяе ў шпіталях і хоспісах, у дзіцячых дамах і інтэрнатах, у дамах сацыяльнай апекі і ўсюды, дзе гэты знак прынясе радасць і надзею, а таксама нагадае праўду аб Езусе Хрысце, які жадае быць блізка да кожнага з нас”, - сказаў біскуп.

betleem10

Вандроўка Бэтлеемскага агню кожны год праходзіць пад пэўным дэвізам. Дэвіз сёлетняга падарожжа Святла міру - “Будзем адважна ствараць мір”. Праз гэты дэвіз арганізатары жадаюць заклікаць усіх людзей да будавання міру найперш у сваім асяроддзі, каб у кожным народзе і кожнай сям’і запанаваў Божы мір, які сёння так патрэбны неспакойнаму свету, якому пагражаюць розныя тэрарыстычныя акты.

Тэкст: кс. Юрый Марціновіч 

Фота: Гражына Шалкевіч