Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць у парафіі Св. Мікалая ў Міры: дзяліцца з іншымі сваім сэрцам

mikalaj53 снежня ў парафіі Cв. Мікалая, біскупа, у Міры адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар заступніка парафіі.

 

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел шматлікія святары з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Таксама на ўрачыстасць прыбылі аўтобусныя пілігрымкі з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе і хор з Нясвіжа, які ўпрыгожыў святую Імшу сваім спевам. Касцёл быў напоўнены вернікамі, большасць з якіх склалі госці з іншых парафій.

Урачыстую Імшу ў інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Пробашч парафіі кс. д-р Аляксандр Севасцьяновіч прывітаў ва ўзнёслых словах усіх пілігрымаў і прадставіў кароткую гісторыю парафіі ў Міры.

mikalaj3

mikalaj2

Святар адзначыў, што парафія шануе св. Мікалая, свайго нябеснага апекуна, ужо 410 гадоў. За гэтыя чатыры стагоддзі святыня зведала многае: росквіт, трансфармацыі, занядбанне і адраджэнне. Пасля доўгіх гадоў заняпаду касцёл дзякуючы клопату і намаганням парафіян быў адрамантаваны.

Падчас урачыстасці ў лік кандыдатаў да міністранцкай службы быў прыняты 6-гадовы Аляксандр, якому біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў благаслаўленне, жадаючы яму быць верным слугой алтара.

У гаміліі біскуп заахвоціў да будавання міру ў сваіх супольнасцях і да малітвы за мір ва ўсім свеце. „Мы, хрысціяне, сёння гучна заклікаем і просім Бога аб міры”, - сказаў іерарх.

Па словах біскупа, пакліканнем кожнага хрысціяніна з’яўляецца перадаваць Божую праўду. „Наша задача і мэта – не перакрычаць шумны свет, і гэта нават не атрымаецца ў нас; але мы павінны даваць свету альтэрнатыву, запрашаючы да пазнання Божай праўды, праўды, якая не толькі згаджаецца з рэчаіснасцю ці фактам, але той праўды, якая дае жыццё і моц, праўды Божага Аб’яўлення”, - дадаў іерарх.

Узгадваючы пра апекуна парафіі, св. Мікалая, біскуп заклікаў удзельнікаў літургіі, каб у сённяшнім свеце яны так, як святы біскуп Мікалай у IV стагоддзі, ішлі вуліцамі нашых гарадоў і заўважалі людзей, якія ў патрэбе, і аказвалі ім канкрэтную дапамогу.

Біскуп заахвоціў дзяліцца з людзьмі, якія знаходзіцца ў патрэбе, не толькі тым, што ў нас ёсць або што мы маем з лішкам, але найперш дзяліцца з імі сваім шырока адкрытым сэрцам.

На заканчэнне ўрачыстасці да дзяцей прыбыў св. Мікалай, які ўручыў ім падарункі.

mikalaj5

mikalaj4

mikalaj1

Кс. Юрый Марціновіч