Skip to main content

Урачыстасці 430-годдзя смерці караля Стэфана Баторыя ў Гродне: пакінуў пасля сябе прыгожы след у чалавечых думках і сэрцах

batory134 снежня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 430-годдзя смерці Стэфана Баторыя, аднаго з найбольш знакамітых валадароў Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Кароль Стэфан Баторый адышоў у вечнасць 12 снежня 1586 г. увечары ў Гродне.

Перад пачаткам літургіі ў святыню прыбыла са старога каралеўскага замка світа гусараў, постаці XVI стагоддзя і рыцары перыяду панавання Стэфана Баторыя. На супольнай малітве сабраліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай улады, грамадскіх арганізацый і ветэранаў, творчых асяроддзяў і адукацыйных устаноў, аматары гісторыі і традыцый і шматлікія жыхары Гродна.

batory1

Мэтай было ўшанаванне памяці вялікага чалавека, аб якім смела можна сказаць, што ён належыць да пантэону найбольш знакамітых дзяржаўных мужоў і заслужаных постацяў у нашай гісторыі.

Святую Імшу ў інтэнцыі караля Стэфана Баторыя з удзелам гусараў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх нагадаў пра асобу Стэфана Баторыя, адзначыўшы, што яго імя асабліва дарагое гродзенцам, бо жыццё гэтага славутага манарха непарыўна звязана з прыгожым горадам над Нёманам.

„Сёння мы ўспамінаем і ўзносім Богу нашы малітвы за чалавека, які не толькі ўпісаўся залатымі літарамі ў гісторыю Рэчы Паспалітай, але і па сваім паходжанні і дзякуючы мудрай, дальнабачнай палітыцы, якую ён праводзіў, стаў сімвалам гістарычнай супольнасці лёсаў розных дзяржаў і народаў нашага кантынента”, - сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што фундатарам сённяшняй катэдральнай святыні ў Гродне быў менавіта кароль Стэфан Баторый, хоць яна была ўзведзена больш чым праз сто гадоў пасля яго смерці. Таму гродзенскі ардынарый заклікаў сабраных да ўдзячнасці Богу, які кіруе лёсамі чалавецтва і дае ў дар вялікіх і славутых людзей, за ўсё дабро для грамадства і свету.

Іерарх адзначыў таксама, што выразы падзякі павінны ў гэты дзень прагучаць у адрас караля Стэфана Баторыя, якому Гродна настолькі ўдзячна. „Дзякуем за мужнасць і адвагу, за знесеныя клопаты і цярпенні, за дух ахвяры і бескарыслівага служэння, якім ён кіраваўся ў валадаранні краінай, і за прыгожы след, які пасля сябе пакінуў у гісторыі нашых народаў, у чалавечых думках і сэрцах”, - сказаў гродзенскі ардынарый.

batory19

На заканчэнне Імшы біскуп пажадаў, каб гэтая ўзнёслая ўрачыстасць паспрыяла яшчэ большаму міру і згодзе паміж народамі, каб супольна будаваць сяброўскія адносіны праз умелае правядзенне дыялогу. Затым ля памятнай табліцы ў гонар Стэфана Баторыя, якая змешчана ў катэдральнай святыні, былі складзены вянкі і кветкі.

Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо некалькі стагоддзяў з часу смерці караля Польшчы, Вялікага князя Літоўскага, Рускага, Пінскага, Мазавецкага, Жмудскага, Кіеўскага, Валынскага, Падляскага, Інфлянцкага, а таксама князя Сяміградскага, Яго Каралеўскай Вялікасці Стэфана Баторыя, яго сляды відавочныя ў Гродне і сёння. Напамінам для жыхароў аб гэтым вялікім чалавеку з’яўляецца вуліца, названая ў яго гонар, і касцёл у цэнтры горада – сённяшняя катэдра, фундатарам якой ён быў.

batory17

3 снежня ў Гродне – улюбёным горадзе Стэфана Баторыя – у ваколіцах Новага і Старога замка адбыліся паказы ўбораў той эпохі і рэканструкцыі рыцарскіх баёў у гадавіну смерці караля.

На тэрыторыі Старога і Новага замка быў арганізаваны рыцарскі лагер часоў Стэфана Баторыя. Тут між іншым дэманстраваліся ўборы тагачаснай эпохі і баявое мастацтва. У рыцарскім лагеры можна было ўбачыць таксама інсцэніроўку баёў і конную язду.

Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла