Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць адбылася ў гродзенскай катэдры

adpust163 снежня ў катэдральным касцёле ў Гродне адбылася адпустовая ўрачыстасць св. Францішка Ксаверыя, галоўнага апекуна святыні. На літургіі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабраліся святары, сёстры законныя, шматлікія парафіяне і жыхары горада.

Святкаванне ўрачыстасці пачалося малітвай Літургіі Гадзінаў канонікаў Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.

adpust3

На пачатку Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч сказаў, што гэта быццам імяніны катэдральнай святыні, асаблівым апекуном якой і заступнікам перад Богам з’яўляецца св. Францішак Ксаверый.

Іерарх дадаў, што фігура святога займае ў касцёле цэнтральнае месца, бо знаходзіцца ў самым цэнтры гістарычнага алтара. Біскуп адзначыў, што больш інфармацыі з жыцця св. Францішка Ксаверыя таксама можна атрымаць, наведваючы катэдру – маці ўсіх касцёлаў дыяцэзіі, углядаючыся ў прыгожыя фрэскі, якія размешчаны на сценах святыні і прадстаўляюць сцэны з яго жыцця.

Гамілію падчас Імшы прамовіў афіцыял біскупскага суда ў Гродне кс. канонік Цэзарый Міх, прадставіўшы ў ёй духоўны жыццярыс святога. Святар адзначыў, што св. Францішак Ксаверый займае асаблівае месца ў пантэоне святых душпастыраў і місіянераў.

Ксёндз Цэзарый Міх асабліва падкрэсліў тое, што святы Францішак меў у сабе місіянерскі дух, таму ўсё жыццё аддаў місіям у розных частках свету, дзе заўсёды спрабаваў ахрысціць і прывесці да веры як мага большую колькасць людзей.

Святар прапанаваў задумацца над значэннем і каштоўнасцю хросту, які для кожнага чалавека адкрывае шлях да іншых сакрамэнтаў, уводзіць у супольнасць Касцёла, не толькі адкрывае на ўдзел у літургіі, але і прыводзіць да таго, што чалавек можа ўдзельнічаць у хрысціянскай сістэме каштоўнасцяў.

Святар заклікаў усіх сабраных на Імшы да ўдзелу ў місійнай справе Касцёла праз уключэнне ў малітву за місіянераў і тых людзей, якія яшчэ не спазналі Бога.

Урачыстае святкаванне завяршылася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычнай працэсіяй па касцёле.

adpust19

Пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў усім за ўдзел ва ўрачыстасці ў гонар св. Францішка Ксаверыя, адзначыўшы, што для вернікаў гродзенскай катэдры гэта асаблівы дзень. Святар дадаў, што гэты дзень – выраз удзячнасці Богу за ўсе дары і ласкі, якія атрымліваюць вернікі на працягу стагоддзяў праз заступніцтва святога. Таксама, па словах пробашча, гэта дзень удзячнасці за катэдральную святыню, якая 5 снежня будзе адзначаць чарговую гадавіну свайго асвячэння.

adpust11

Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла