Няма таямніцы ў тым, што адным з захапленняў кс. Тадэвуша Крыштопіка, пробашча парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы, і спосабам праслаўлення Бога з’яўляецца стварэнне ўласнай хрысціянскай музыкі і ігра на гітары. Любоў да музыкі ў яго ўжо з дзяцінства. Вершы і музыку да песняў ён пачаў ствараць ужо ў першыя гады свайго святарства.
У апошні час кс. Тадэвуш запісаў дыск “Misericors Salvator” (з лац. – Міласэрны Збаўца), які ўключае 14 твораў, выкананых саміх святаром на беларускай, рускай, польскай мовах і на іўрыце.
У асноўным гэта творы вельмі спакойныя, дзе ў большасці словы і музыка былі напісаны святаром.
Як адзначае сам кс. Тадэвуш Крыштопік, гэты дыск скіраваны найперш да людзей старэйшага пакалення, каб яны маглі ў штодзённасці жыцця і клопатаў на хвіліну адпачыць, услухоўваючыся ў музыку і яе пасланне.
Дыск не распаўсюджваецца ў матэрыяльных мэтах, у кс. Крыштопіка няма намеру зарабіць на гэтым. Дыск можна атрымаць ад яго проста ў падарунак, бо гэта своесаблівы спосаб евангелізацыі. Праз спеў святар абвяшчае Езуса, які з’яўляецца заўсёды міласэрным Айцом і Збаўцам чалавека.
Ксёндз Тадэвуш Крыштопік нарадзіўся 10 красавіка 1957 г. каля Гродна. Скончыў Гродзенскае музычнае вучылішча і Мінскую кансерваторыю. Вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе, пасля заканчэння якой 31 мая 1987 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Яніса Цакулса.
Служыў у парафіях у Новым Двары, Грандзічах, гродзенскай катэдральнай парафіі і парафіі Св. Юзафа. На працягу некалькіх гадоў быў духоўным айцом у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а з 2015 года з’яўляецца пробашчам у Квасоўцы.
Кс. Юрый Марціновіч