Skip to main content

Імша ў 55-ю гадавіну зруйнавання Фары Вітаўта прайшла ў гродзенскай катэдры

vitovt129 лістапада дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ў 55-ю гадавіну зруйнавання Вітаўтавай Фары, адной з найпрыгажэйшых каталіцкіх святынь Беларусі.

Фара Вітаўта была неад’емнай часткай гродзенскай ідэнтычнасці, праіснавала ў розных архітэктурных варыянтах 600 гадоў, перажыла пажары і войны. Яны была знішчана ў мірны час у ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года.

Падчас Імшы іерарх асаблівым чынам маліўся за ўсіх будаўнікоў гэтага касцёла і ахвярадаўцаў, а таксама аб Божай міласэрнасці для тых, хто прыняў рашэнне знішчыць святыню.

vitovt1

У гаміліі біскуп адзначыў, што, хоць горад над Нёманам ужо не мае такой вялікай каштоўнасці, якой была старадаўняя Фара Вітаўта, аднак памяць аб ёй жыве ў сэрцах многіх людзей.

vitovt3

Па словах іерарха, святыня сёння мае быццам бы даўжэйшы фундамент, паколькі шмат жыхароў Гродна пасля яе знішчэння разнеслі цэглу ад зруйнаванага касцёла ў свае дамы. Сёння для іх гэта з’яўляецца каштоўнай памяццю і рэліквіяй, якая нагадвае пра гэтую святыню.

Таксама 29 лістапада біскуп Юзаф Станеўскі адзначаў трэцюю гадавіну свайго біскупскага прызначэння, таму гэты дзень быў для іерарха днём удзячнасці Богу за ўсё дабро і за абранне да біскупства.

Удзельнікі літургіі атачылі асобу іерарха малітвамі аб тым, каб ён з вялікім запалам і руплівасцю працягваў служыць Касцёлу на Гродзеншчыне і ва ўсёй краіне як генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Томаша Стэцкевіча