Skip to main content

Аплаткавая сустрэча паломнікаў Гродна-Рось 2010 A.D.

    У мясцовасці Рось (ваўкавыскі дэканат) гродзенскай дыяцэзіі знаходзіцца санктуарый Пана Езуса Журботнага. У апошнія гады ў Рось, асабліва ў летні перыяд, паломнікаў прыцягвае старадаўняя фігура Пана Езуса Журботнага. Ужо з 1618 года касцёл у Росі славіцца тым, што мае гэтую фігуру, і менавіта з тых часоў - у свята Спаслання Святога Духа - у парафіі адбываюцца ўрачыстыя фэсты.
   У сённяшнія часы санктуарый у Росі перажывае свой росквіт, таму што культ Езуса Журботнага становіцца ўсё больш вядомы ў нашай дыяцэзіі, а таксама па-за яе межамі. Аб гэтым сведчыць хоць бы той факт, што ў гэтым годзе ў паломніцтве прынялі ўдзел таксама паломнікі з Мінска, Брэста, Маладзечна. Штогод у санктуарый імкнецца ўсё больш паломнікаў, перад усім дзяцей і моладзі, а таксама старэйшых людзей. Гэтае паломніцтва мае выключны характар, таму што ў асноўным мы пілігрымуем да марыйных санктуарыяў, а у Рось прыцягвае Хрыстос. Гэтае паломніцтва не доўжыцца шмат часу, таму што паканаць трэба кароткі прамежак дарогі. Паломніцтва заўсёды адбываецца ў адныя з выхадных жніўня, калі людзям лягчэй знайсці крыху вольнага ад працы, абавязкаў, штодзённай мітусні часу, каб прысвяціць гэтыя выключныя хвіліны Богу. Выключным з'яўляецца і сам клімат, які мы супольна імкнемся стварыць, таму што ён уплывае на дух малітвы і разважанне над уласным жыццём.
   У гэтым годзе ў IX Пешым Паломніцтве з Гродна прыйшло больш за 270 чалавек. У ім прынялі ўдзел вернікі з усёй гродзенскай дыяцэзіі, а ўрачыстасці ўзначаліў Яго Эксцэленцыя ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, Ардынарый Гродзенскі.
Мы марым аб тым, каб таксама іншыя дэканаты, гарады і парафіі нашай дыяцэзіі захацелі б прыняць удзел у гэтым паломніцтве, арганізоўваючы пешыя паломніцтвы з месцаў свайго жыхарства.
    Ужо на працягу некалькіх гадоў мы маем прыгожую традыцыю: пасля святаў Божага Нараджэння ў нас ёсць чарговая нагода, каб спаткацца ў супольнасці паломнікаў, скласці ўзаемныя святочныя пажаданні, а таксама яшчэ раз падзяліцца радасцю з адбытага паломніцтва.
   Таму мы хацім і ў гэтым годзе з вялікай радасцю сардэчна запрасіць усіх удзельнікаў пешых паломніцтваў у санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі на традыцыйную аплаткавую сустрэчу, якая адбудзецца 26 снежня гэтага года (нядзеля) у парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ (Гродна-Паўднёвы, вул. Цэнтральная, 26).

Праграма аплаткавай сустрэчы

18.30 - супольнае спяванне калядных песен пры Яслях Нованароджанага Езуса.
19.00 - св. Імша за ўсіх паломнікаў і ахвяравальнікаў паломніцтваў.
20.00 – дзяленне аплаткай, разам прыгатаваны пачастунак, спяванне калядных песен у выкананні гурта, а таксама радасць з "нараджэння Пана".

   Сардэчна запрашаем усіх паломнікаў да ўдзелу ў арганізаванай сустрэчы! Мы спадзяемся на тваю прысутнасць!

   З усімі пытаннямі звяртацца па тэл.: 80297840572 (кс. Ежы);  80293679645 (Раман). Або па адрасе - sakralna@op.pl

   Да сустрэчы на аплатку!

   З віншаваннямі і дарам малітвы кс. Ежы Марціновіч, кіраўнік паломніцтва