Skip to main content

Рэкалекцыі цвярозасці ў Гродне: ці можна жыць без Езуса?

18125-27 лістапада ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне адбыліся XIV Рэкалекцыі цвярозасці. Тэмай рэкалецый былі словы: “Ці можна жыць без Езуса?”

Удзельнікі разам шукалі адказу на гэтае пытанне і разважалі над тым, што Езус Хрыстус з’яўляецца Панам жыцця кожнага чалавека і таксама што гэта Ён дапамагае чалавеку выйсці з розных залежнасцяў.

У духоўных практыкаваннях удзельнікам дапамагалі святары, якія прамаўлялі гаміліі, канферэнцыі і служылі ў канфесіянале.

У праграме рэкалекцый былі супольныя малітвы, святая Імша, канферэнцыі, адкрыты сход групы ўзаемадапамогі для залежных, іх родных і блізкіх, Крыжовы шлях i адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Падчас рэкалекцый выступіў з канцэртам музычны гурт “Ave” з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Рэкалекцыі завяршыліся святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На парозе новага літургічнага года, які пачынаецца Адвэнтам, іерарх заклікаў усіх адкрыцца ў гэты час на асаблівую дзейнасць Пана Бога. Біскуп пажадаў усім удзельнікам рэкалекцый, каб час чакання сустрэчы з Нованароджаным Божым Сынам праходзіў у атмасферы веры і малітвы, а таксама ў атмасферы ўзаемнай любові, дабрыні і павагі.

Удзельнікі сустрэчы выказваюць удзячнасць усім, хто паспрыяў яе арганізацыі. Асаблівым чынам яны дзякуюць кс. Аляксандру Пятровічу і Юрыю Гапоніку, якія з’яўляюцца адказнымі ў Гродзенскай дыяцэзіі за душпастырства цвярозасці.

У рэкалекцыях прынялі ўдзел каля 50 чалавек, які прыбылі са Смаргоні, Свіслачы, Шчучына, Ваўкавыска, Глыбокага, Барысава і Мінска.

Кс. Юрый Марціновіч