Skip to main content

Шосты музычны фестываль "Цэцыліяда" адбыўся ў Смаргоні

Па традыцыі канцэрт распачаўся з малітвы. Як і штогод, "Цэцыліяда" у Смаргоні збірае шмат творчых людзей, якія прагнуць падзяліцца сваімі здольнасцямі, пазнаёміцца і знайсці новых сяброў, узбагаціцца духоўна, а галоўнае — падзякаваць і праславіць Нябеснага Айца сваімі талентамі.

У гэтым годзе, у адрозненні ад папярэдніх, арганізатары правялі супольны фестываль для дзяцей, моладзі і дарослых. Такім чынам, была прапанавана добрая магчымасць бліжэй пазнаць адзін аднаго, дзецям пазнаёміцца і падзяліцца сваімі талентамі з больш дарослымі, а дарослым — з дзецьмі.

Святочны фестываль адкрыў дзіцячы парафіяльны хор пад кіраўніцтвам с. Веранікі Блізнюк FMA. Хор прадставіў спеў "З далёкай Фацімы" на пяці мовах. Але на сцэне з’яўляліся не толькі парафіяне, але і калектывы з усяго горада. Так, як і штогод, выступілі вучні з музычнай школы імя Клеафаса Агінскага, якія прадставілі свае творы на розных музычных інструментах. Фальклорны народны ансамбль "Гулянок" з музычнай школы чарговы раз пацешыў гледачоў сваімі гучнымі і вясёлымі творамі. Малодшыя ўдзельнікі "Савіо-клуба" паказалі цікавы танец, а старэйшыя заспявалі. "Цэцыліяда-2016" стала таксама платформай для дэбюту новага парафіяльнага моладзевага рок-гурта "Пілігрымы". Таксама можа было ўбачыць прыгожыя і разнастайныя танцы ад хлопцаў і дзяўчат, паслухаць спеў "О, ксёндз Боско" ад міністантаў. На гэтым фестывалі яшчэ адным дэбютантам стаў моладзевы хор араторыя, які прадставіў усім два спевы: "O, happy day" і "Жыць".

Менавіта спеў "Жыць", які быў прысвечаны веры, надзеі, любові і ўзварушыў не адну душу, стаў кульмінацыйным гімнам і "слоўкам на добрую ноч". Гэты спеў абуджае сілы, дадае адвагі і натхняе да сапраўднага жыцця.

Напрыканцы усе разам праз песню "Малітва Багародзіцы" змаглі падзякаваць Пану Богу і Нябеснай Маці за любоў, бязмежную міласэрнасць і жыццё.

Паводле sdb.by