Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць Маці Міласэрнасці ў Сапоцкіне: будзем міласэрнымі, як Айцец

sopockino216 лістапада парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне адзначыла адпустовую ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці.

Урачыстасць сабрала святароў і вернікаў гэтай парафіі і іншых парафіяй Сапоцкінскага дэканата. У галоўным алтары святыні знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай, культ якой вельмі развіты сярод вернікаў.

sopockino4

Перад адпустовай Імшой адбылася Навэнна да Маці Божай Вастрабрамскай. Вернікі праз заступніцтва Маці Міласэрнасці давяралі Богу свае просьбы і інтэнцыі. Ад імя парафіян іх просьбы агучыў перад абразом кс. Антоні Абухоўскі, пробашч парафіі.

З верай і надзеяй у вачах вернікі трывалі ў малітоўным засяроджанні, гледзячы на напоўненае клопатам аблічча Міласэрнай Маці, а разам з тым быццам бы духоўна пілігрымуючы ў Вострую Браму ў Вільнюсе, адкуль бярэ пачаткі культ гэтага цудадзейнага абраза.

Урачыстую Імшу ўзначаліў кс. Віктар Мыслюк, пробашч парафіі ў Зарачанцы. У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што сёлетняя адпустовая ўрачыстасць асаблівая, бо перажываецца ў кантэксце Юбілейнага Года Міласэрнасці.

sopockino3

Святар дадаў, што ў гэты дзень Найсвяцейшая Панна Марыя Вастрабрамская, якая інакш завецца Маці Міласэрнасці, скіроўвае да кожнага чалавека вельмі важнае пасланне:

“Год Міласэрнасці падыходзіць да канца, аднак наш Пан Езус Хрыстус не перастае быць міласэрным да кожнага з нас. Ён жадае і надалей быць для нас Брамамі Міласэрнасці, а разам з тым жадае, каб мы былі міласэрнымі да іншых, каго Божы Провід кожны дзень ставіць на шляху нашага жыцця”.

Як сказаў кс. Юрый Марціновіч, Міласэрная Маці нагадвае таксама, што трэба не толькі прасіць аб Божай міласэрнасці, але і дарыць міласэрнасць іншым, наследуючы ў гэтым дабрыню Бога.

sopockino5

Падчас урачыстасці асаблівым чынам маліліся за ўсю Гродзенскую дыяцэзію на чале з біскупам Аляксандрам Кашкевічам у 25-ю гадавіну яе заснавання і біскупскай намінацыі яе ардынарыя. Таму сёлетняя адпустовая ўрачыстасць была таксама нагадваннем і падкрэсліваннем глыбокіх гістарычных і духоўных сувязяў, якія злучаюць Гродзеншчыну з горадам над Віліяй – сталіцай вялікай Віленскай архідыяцэзіі, да якой калісьці належалі гэтыя тэрыторыі і дзе пасля паўстаў лакальны Касцёл.

JM