11-13 лістапада ў кляштары сясцёр назарэтанак у Навагрудку адбыліся рэкалекцыі для сем’яў супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Каб зрабіць падсумаванне Юбілейнага Года Міласэрнасці, сужэнцы разам са сваімі дзецьмі пажадалі правесці выходныя на малітве і разважанні над Божым Cловам.
Духоўныя практыкаванні ўзначаліў кс. Віталій Сідорка, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Падчас сустрэчы ў сужэнцаў былі адпаведна створаныя ўмовы, каб яшчэ раз засяродзіцца на навучанні Святога Айца Францішка, якое ўтрымліваецца ў апошняй паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі „Amoris laetitia”.
Разважаючы над тэмамі, якія ўздымаюцца ў адгартацыі, самі сужэнцы падкрэслівалі, што гэты дакумент павінен пабуджаць хрысціянскія сем’і да належнага ацэньвання дароў сужэнства і сям’і і натхняць усіх быць знакам міласэрнасці і блізкасці там, дзе сямейнае жыццё не рэалізуецца дасканалым чынам або не праходзіць у міры і радасці.
У сваю чаргу для дзяцей была свая праграма, у якой спалучаліся малітва і забава.
12 лістапада прыпадала 174-я гадавіна нараджэння заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай. Яе вялікім жаданнем было тое, каб харызматам супольнасці быў клопат аб сем’ях і іх маральнае і рэлігійнае адраджэнне.
У размове з grodnensis.by сястра Марыяна Алешчык CSFN, адна з арганізатараў рэкалекцый, прызнаецца, што лепшага падарунку ў гэты дзень яны не маглі падрыхтаваць для сваёй заснавальніцы. “Жаданнем нашай заснавальніцы было перш за ўсё служэнне сям’і. Таксама штодзённая малітва за ўсе сем’і свету, як і праца ў апостальскіх справах, асабліва ў галіне адукацыі і выхавання”, - дадае манахіня.
Сястра Марыяна адзначае, што ад таго, якімі будуць нашы сем’і сёння, залежыць у вялікай меры будучыня свету. “Разумеючы, што святыя і здаровыя сем’і – гэта зачын перамянення і навяртання жыцця, у нашым апостальстве мы аддаём сябе і выкарыстоўваем нашы магчымасці для падтрымкі сямейнага жыцця”, - кажа манахіня.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота с. Марыяны Алешчык CSFN