Skip to main content

У санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі прайшло закрыццё Святых Дзвярэй

gudogai313 лістапада ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі прайшло закрыццё Святых Дзвярэй, якія на працягу Юбілейнага Года з’яўляліся Брамай Міласэрнасці, праходзячы праз якія, можна было атрымаць адпуст.

Кармэліты і міласэрнасць

Ва ўрачыстай св. Імшы прынялі ўдзел святары Астравецкага дэканату, манахіні, вернікі, а тасама дэлегат біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча - кс. Юзаф Багдзевіч.

gudogai1

Дэлегат асабліва дзякаваў айцам кармэлітам, якія апякуюцца санктуарыем, за іх ахвярнае служэнне, за добры прыклад святарства, а таксама за гарачыя заклікі як найбольш чэрпаць з Божай ласкі, праслаўляючы Ягоную Міласэрнасць.

Варта адзначыць, што на працягу гэтага Юбілейнага Года шмат пілігрымаў з Беларусі і з-за мяжы наведалі санктуарый Маці Божай у Гудагаі і прайшлі праз Святыя Дзверы, каб атрымаць адпуст. Айцы кармэліты з радасцю прымалі кожнага паломніка і нагадвалі пра самае галоўнае ў жыцці хрысціяніна – міласэрнасць.

Божая міласэрнасць не “зачыняецца”

У гэты дзень вернікі і святары сабраліся на супольнай малітве, каб падзякаваць Богу за ўсе ласкі, якімі Ён надзяліў іх у гудагайскім санктуарыі.

На пачатку Імшы, якую ўзначаліў кс. Юзаф Багдзевіч, да прысутных з прывітальным словам звярнуўся пробашч гудагайскай парафіі айцец Казімір Мараўскі.

“Бог любіць нас нават тады, калі мы грашым, любіць і чакае, як міласэрны Айцец сваіх дзяцей, каб мы вярнуліся і прытуліліся да Яго”, — сказаў святар.

Пробашч санктуарыя таксама адзначыў, што зачыненая сімвалічна Брама Міласэрнасці не азначае, што “зачыняецца” Божая міласэрнасць.

Увайсці ў таямніцу міласэрнасці

Падчас казання а. Казімір звярнуў асаблівую ўвагу на двух апосталаў міласэрнасці, выявы якіх знаходзяцца на Браме Міласэрнасці гудагайскага санктуарыя – св. Фаустыну і св. Яна Паўла II.

Святар працытаваў словы, з якімі Езус звярнуўся да св. Фаустыны: “Не пазнае людскасць супакою, пакуль не звернецца да Маёй міласэрнасці”.

Пробашч таксама засяродзіў увагу вернікаў на важных інструментах, праз якія можна пазнаць Божую міласэрнасць: абраз Езуса Міласэрнага і Вяночак да Божай Міласэрнасці.

gudogai3

Дарэчы, урачыстая святая Імша была цэлебравана менавіта а 15-ай гадзіне - гадзіне Міласэрнасці, калі Езус аддаў за ўсіх людзей Свой Дух. Гэта было зроблена для таго, каб яшчэ больш глыбока і моцна ўвайсці ў таямніцу Божага прабачэння.

Пасля заканчэння Эўхарыстыі кс. Юзаф Багдзевіч асвяціў памятны знак Года Міласэрнасці, які кожны вернік мог пацалаваць, выходзячы з касцёла. Пасля адбылося сімвалічнае закрыццё Святых Дзвярэй.

gudogai2

Тэкст: Ірына Радзевіч

Больш фотаздымкаў па спасылцы