11 лістапада дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў рамках кананічнай візітацыі, якая праходзіць у дэканаце Іўе, наведаў з пастырскім візітам парафію Перамянення Пана ў Юрацішках, дзе сустрэўся з вернікамі, якія прыбылі на святую Імшу. Іерарха суправаджаў дэкан Іўеўскага дэканату кс. Віктар Субель.
На распачацце літургіі пробашч парафіі, кс. Вітальд Чурган, пазнаёміў біскупа з гісторыяй і дзейнасцю парафіі.
У сваю чаргу біскуп Юзаф, звяртаючыся да вернікаў падчас гаміліі, засяродзіў іх увагу на важнасці пераемнасці пакаленняў у справах веры. "Мы, хрысціяне, павінны не толькі слухаць Слова Божае і жыць ім, але праз свае паводзіны, учынкі, перадаваць веру малодшаму пакаленню",- адзначыў іерарх.
У рамках праграмы бп. Юзаф Станеўскі спаткаўся з членамі Супольнасці Жывога Ружанца і Апостальства дапамогі чысцовым душам, наведаў сталых людзей - пацыентаў мясцовай бальніцы і правёў сустрэчу з настаўнікамі, школьнікамі і іх бацькамі ў Юрацішкаўскай школе.
Напрыканцы іерарх разам з кс. Вітальдам і парафіянамі памаліліся на магіле кс. Антонія Твароўскага, былога пробашча парафіі, закатаванага ў 1939 годзе.
Кананічная візітацыя Іўеўскага дэканату будзе праходзіць з 10-га па 20-га лістапада. У яе межах біскупы наведаюць усе касцёлы, капліцы, месцы малітвы, сустрэнyцца з вернікамі і рознымі супольнасцямі, якія дзейнічаюць пры парафіях. Візітацыя з’яўляецца адной з найбольш важных падзей для кожнай парафіяльнай супольнасці, прадугледжанай у праве Касцёла (Кодэксе Кананічнага Права).
Падрыхтавала Вікторыя Пярлухіна