Апоўдні 3 лістапада ў гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя была цэлебравана св. Імша ў інтэнцыі ўсіх памерлых святароў, якія неслі паслугу ў дыяцэзіі. Набажэнства ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гэты дзень у катэдральнай святыні ўпершыню спачылых святароў асаблівым чынам ушанаваў Гродзенскі капітул.
Падчас набажэнства да сабраных вернікаў Божае Слова скіраваў пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі:
- З людзей узятыя і да людзей пасланыя. Сёння мы ўзносім свае малітвы ў інтэнцыі памерлых святароў нашых парафій. На працягу свайго жыцця яны верна служылі нам, прыкладалі шматлікія намаганні для развіцця маладой дыяцэзіі. Але трэба памятаць, што святар, як і кожны чалавек, таксама не без граху, і патрабуе нашай малітоўнай падтрымкі, каб мець магчымасць прабываць у Валадарстве Нябесным.
Пасля ксёндз Ян нагадаў, што ў гэты дзень, як і ў кожны першы чацвер месяца, варта маліцца ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарства і манаскага жыцця.
На заканчэнне набажэнства ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў прысутным Божае благаслаўленне і заклікаў, каб яны ў сваіх малітвах памяталі пра спачылых не толькі падчас актавы ўспаміну ўсіх памерлых, але і штодзень.
***
Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі Апосталамі. Амэн.
А. Марцішэўская