Skip to main content

У гродзенскай катэдры адбылася святая Імша ў інтэнцыі медыкаў

mediki618 кастрычніка ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя адбылася святая Імша ў інтэнцыі медыкаў Гродзеншчыны. Ужо стала традыцыяй, што ў дзень літургічнага ўспаміну св. Лукі, апекуна ўсіх медыкаў, працаўнікі медыцынскіх устаноў Гродна збіраюцца на супольнай малітве.

mediki5

Сёлетнюю св. Імшу ў інтэнцыі лекараў, медсёстраў і ўсіх працаўнікоў шпіталя ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. 

У гаміліі іерарх падкрэсліў важную ролю прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў абвяшчэнні Евангелля там, куды святар альбо іншы вернік дайсці не можа. „Езус прагне, каб вы былі сведкамі Ягонай любові сярод хворых і церпячых, вы, якія верыце, разумееце і спазнаеце міласэрнасць, вы, якія маеце адпаведную медыцынскую кваліфікацыю і вялікае сэрца”, – казаў біскуп Станеўскі.

mediki7

Іерарх заазвочваў усіх, хто звязаны з медыцынай і служэннем хворым „даваць сведчанне Божай любові, углядацца ў Езуса Хрыста, самага ўважлівага Лекара, Крыніцу жыцця, асаблівага Апекуна чалавека”. Біскуп Станеўскі дадаў, што трэба пераймаць Езуса ў далікатным стаўленні да хворых людзей і інвалідаў.

mediki9

mediki10

Ксёндз Віталь Сідорка, капелан гродзенскага душпастырства службы аховы здароўя імя свв. Космы і Дам’яна падзякаваў усім за дар супольнай малітвы праз заступніцтва св. Лукі, які апекуецца службай здароўя, і заахвоціў далучыцца да душпастырства, якое ў Гродне дзейнічае ўжо амаль што на працягу 10-і гадоў.

mediki8

Пасля набажэнства адбылася сустрэча біскупа з персаналам медыцынскіх устаноў. Іерарх падзякаваў усім супрацоўнікам службы аховы здароўя за ахвярнае служэнне, якое яны нясуць сярод хворых у розных шпіталях і месцах пражывання людзей пажылых і самотных. Біскуп пажадаў, каб гэтую штодзённую паслугу яны выконвалі заўсёды з вялікай радасцю, і каб янa прыносіла добрыя плёны.

mediki1

mediki2

mediki3

Кс. Юрый Марціновіч