13 кастрычніка ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы адбылося фацімскае набажэнства. Гэта апошняе ў гэтым годзе набажэнства, якое праходзіла кожны 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік у знак памяці пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме. Кожная такая служба мае адкупленчы характар і ўключае супольную малітву на ружанцы. Яна з’яўляецца адказам на заклік Маці Божай падчас аб’яўленняў у Фаціме да ружанцовай малітвы і здзяйснення пакаяння за грэшнікаў.
На малітве сабраліся шматлікія парафіяне: моладзь і старэйшыя асобы - усе яны бачаць патрэбу звароту да Найсвяцейшай Маці. Набажэнства распачалося ружанцовай малітвай, падчас якой вернікі прасілі аб дапамозе ў вырашэнні ўсіх цяжкіх спраў у сваіх сем’ях і Касцёле. Урачыстую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх адзначыў, што Марыя на працягу многіх гадоў апекуецца вернікамі гэтай парафіяльнай супольнасці. Біскуп Станеўскі падкрэсліў, што ў апошні час у Зарачанцы падчас фацімскіх набажэнстваў асаблівым чынам моляцца ў інтэнцыі супакою ў свеце і кожнай сям'і.
„Кожны чалавек патрабуе Божай міласэрнасці, якая сыходзіць на нас праз Марыю - Міласэрную Маці, гатовую прыйсці з дапамогай у кожнай патрэбе", - адзначыў біскуп Юзаф.
Іерарх заахвоціў усіх будаваць супакой, так неабходны свету. „Сённяшні свет патрабуе нанова адчуць дотык Божага Провіду”, - дадаў біскуп.
Ён таксама звярнуўся да вернікаў з просьбай, каб ружанцовая малітва, аб якой прасіла Фацімская Пані, стала любімай малітвай кожнага чалавека, бо "ў ёй тоіцца вялікая моц". Іерарх таксама падзякаваў пробашчу парафіі кс. Віктару Мыслюку і вернікам за распаўсюджванне культа Маці Божай Фацімскайі і за малітвы ў інтэнцыях Святога Айца Францішка, сваіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, аб супакоі ў свеце, духу пакаяння і ўзаемнага прабачэння.
Урачыстасць скончылася працэсіяй з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч