Skip to main content

У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў 27-ы раз адкрыўся навучальны год

nav god108 кастрычніка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года. Сёлета гэтая ўстанова ўжо ў 27-ы раз прыняла маладых людзей, якія пасля праходжання семінарыйнай фармацыі жадаюць прысвяціць жыццё абвяшчэнню Хрыстовага Евангелля.

На ўрачыстую інаўгурацыю прыбыло шмат гасцей. Прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, выкладчыкі і выхавацелі, духавенства і сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, а таксама рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка і віцэ-рэктар кс. Адам Дынак.

Удзельнікаў урачыстасці прывітаў рэктар семінарыі кс. др. Раман Рачко, які адзначыў, што інаўгурацыя новага 2016/2017 навучальнага года з'яўляецца вялікай падзеяй для ўсёй дыяцэзіі.

nav god9

У сваім слове біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу на тое, што сучаснаму свету патрэбны сапраўдныя святары, цалкам прысвечаныя справе евангелізацыі. „Сёння мы дзякуем Езусу за ласку кожнага паклікання і просім, каб Ён узмацініў нашую веру і далей вёў за Сабой тых, хто за ім паследаваў", - адзначыў іерарх.

З інаўгурацыйным дакладам на тэму "Вяртанне рэлігіі, постсекулярызм і сучасныя праблемы хрысціянства” выступіў рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка.

nav god5

Святар адзначыў, што сустрэча сучаснага чалавека з рэлігіяй з'яўляецца адметнай рысай нашага часу, і што ўсё часцей можна заўважыць вяртанне рэлігіі ў розныя галіны грамадскага жыцця.

У рэфераце кс. Андрэй Рылка таксама растлумачыў, чым з'яўляецца постсекулярызм. Ён адзначыў, што гэтае паняцце было ўведзена філосафам Юргенам Хабермасам пасля тэррарыстычных актаў у Нью-Йорку ў 2011 годзе. Постсекулярызм - гэта галіна, якая займаецца даследваннем адносін паміж рэлігіяй і сучаснай філасофіяй, культурай і грамадствам. 

Кажучы пра сучасныя выклікі для хрысціянства, святар адзначыў, што сёння яно мае два шляхі. Першы - гэта задавальненне прагненняў людзей, калі яны адчуваюць пагрозу. У такім выпадку рэлігія выконвае толькі ролю суцяшэння. Кс. Рылка дадаў, што гэты шлях з'яўляецца небяспечным, бо калі не будзе існаваць ніякай пагрозы, рэлігія апынецца непатрэбнай. Другі шлях прапануюць хрысцяінскія філосафы. Паводле яго, рэлігія адказвае на самыя глыбокія прагненні чалавека, і хрысціянства павінна ісці менавіта гэтай дарогай у напрамку трансцэндэнцыі.

Інаўгурацыя новага навучальнага года завяршылася Імшой у семінарыйнай капліцы.

Духоўная семінарыя ў Гродне была заснавана 1 верасня 1990 года біскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Размясцілася яна ў мурах былога кляштара айцоў бернардынаў, пабудаванага ў XVII стагоддзі і злучанага з велічнай святыняй Адшукання Святога Крыжа. Заступнікамі семінарыі абраны Найсвяцейшая Панна Марыя Беззаганна Зачатая, святы Міхал Арханёл і святы Юда Тадэвуш, Апостал. Будынак быў адаптаваны ў 1991 годзе дзякуючы намаганням біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, падтрымцы вернікаў Касцёла Беларусі і замежных ахвярадаўцаў, а таксама самаадданай працы навучэнцаў.

У памяшканні размясцілася семінарыйная капліца. Паддашша кляштара прыстасавана пад жыллё для навучэнцаў. Была пабудавана таксама сталовая. У 1997 г. адкрылася семінарыйная бібліятэка, якая забяспечвае навучэнцаў і выкладчыкаў неабходнымі навуковымі матэрыяламі, сёння яе кнігазбор налічвае больш за 35 тыс. тамоў і 80 найменняў часопісаў. Доступ да бібліятэкі маюць не толькі семінарысты, але і жыхары Гродна.

За гады існавання гродзенская семінарыя падрыхтавала больш за 150 святароў, якія вядуць душпастырскую дзейнасць у Беларусі, Украіне, Расіі і Казахстане.

На сённяшні дзень у гродзенскай Alma Mater 29 навучэнцаў, якія праз духоўную, інтэлектуальную і чалавечую фармацыю рыхтуюцца стаць святарамі. На першы курс сёлета залічана 4 чалавекa, у дзень інаўгурацыі навучальнага года яны атрымалі заліковыя кніжкі.

nav god8

nav god10

Кс. Юрый Марціновіч