Skip to main content

Біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамант канфірмацыі ў францішканскай парафіі ў Гродне

fr4У рэгуле францішканскага ордэна яго заснавальнік св. Францішак Асізскі радзіць, каб браты "перадусім прагнулі атрымаць Духа Пана". Ідучы за думкай святога, у дзень яго літургічнага ўспаміну 53 вернікі парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне атрымалі сакрамант канфірмацыі з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага падчас урачыстай Імшы.

Кандыдаты былі старанна падрыхтаваныя да прыняцця сакраманту канфірмацыі - аднаго з самых важных момантаў у сваім жыцці. Яны ўдзельнічалі ў катэхэзах і прыступілі да сакраманту пакаяння і паяднання.

fr4

Падчас казання біскуп Юрый Касабуцкі звярнуў увагу на значэнне сакраманту хрысціянскай сталасці, у якім Бог дае чалавеку дары Духа Святога. Як адзначыў іерарх, гэтыя дары патрэбны хрысціяніну, каб адважна вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе праўдаў.

"Прасіце Духа Святога аб ласцы і вернасці, каб трываць у веры і выконваць Божыя запаведзі", - заахвоціў іеррах тых, хто ў гэтым дні прыступіў да сакраманту канфірмацыі.

Іерарх пажадаў, каб шчырая радасць напаўняла сэрцы кожнага, хто атрымаў дары Духа Святога.

"Паводле прыкладу св. Францішка, бедняка з Асізі, не бойцеся прыкласці намаганні, каб аднавіць свае сэрцы. Калі мы адважымся на гэта, то Дух Святы адорыць нашыя сэрцы радасцю і супакоем, а перш за ўсё дасць неабходныя сілы для штодзённага вызнавання сваёй веры", - дадаў іерарх.

Біскуп прасіў маладых людзей даваць сведчанне сваёй веры і браць прыклад са св. Францішка, заступніка парафіі. "Не бойцеся быць яго сведкамі ў свеце, які моцна патрабуе сапраўдных паслядоўнікаў Хрыста, маладых і адкрытых на Бога, якія зменяць аблічча нашай зямлі", - дадаў біскуп Касабуцкі.

fr19

На заканчэнне тыя, хто прыняў сакрамант хрысціянскай сталасці, выказалі ўдзячнасць усім тым, хто непасрэдна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы іх да гэтай падзеі. Яны падзякавалі біскупу, святарам, якія служаць у парафіі, сястрэ законнай, якая іх катэхізавала, сваім бацькам і сведкам канфірмацыі і паабяцалі, што будуць старацца кожны дзень ісці праз жыццё з Богам і жыць згодна з прынцыпамі Евангелля.

Тэкст: кс. Юрый Марціновіч

Фота: Баляслаў Гавэцкі