Skip to main content

У салезіянскім араторыі ў Смаргоні адбылося адкрыццё "Савіо-клуба"

Сёння ў дзяцей парафіі Cвятога Міхала Арханёла ў Смаргоні ёсць магчымасць ісці да святасці па слядах св. Дамініка Савіо праз удзел у "Савіо-клубе", які дзейнічае ў мясцовым салезіянскім араторыі ужо пяць гадоў. Новы фармацыйны год для яго ўдзельнікаў распачаўся 23 верасня.

У гаміліі падчас св. Імшы на пачатак свята кс. Алег Каралёў SDB падкрэсліў значнасць асобы св. Дамініка Савіо і заклікаў браць з яго прыклад. Святар нагадаў дзецям аб "рэцэпце" святасці, які даў св. Ян Боско маленькаму Дамініку — быць заўсёды радасным, выконваць свае штодзённыя абавязкі і дапамагаць іншым.

Гэты клуб у салезіянскім араторыі быў створаны з мэтай чалавечай і духоўнай фармацыі падлеткаў, каб дамапагаць ім распазнаць сваё пакліканне, а таксама падрыхтаваць будучых аніматараў. Праз сумесныя сустрэчы дзеці шукаюць уласны шлях да святасці. Дапамагаюць ім у гэтым сумесная малітва, духоўныя размовы, віктарыны, а таксама гульні, выезды на прыроду і іншае. Дзеці з "Савіо-клуба" імкнуцца сябраваць, вызнаваць сваю веру і погляды не толькі ў араторыі, але і сярод сваіх сяброў у школе, а таксама ў сваёй сям’і. За пяць гадоў дзейнасці шмат хлопцаў і дзяўчат з "Савіо-клуба" сталі салезіянскімі аніматарамі або актыўнымі ўдзельнікамі араторыя.

У гэтым годзе "Савіо-клуб" папоўніўся новымі ўдзельнікамі і налічвае каля 60 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў: малодшая, старэйшая групы і былыя выхаванцы.

Першая сустрэча для малодшай групы адбылася разам з іх бацькамі, каб яны маглі адчуць той сямейны і радасны дух, які пануе на сустрэчах "Савіо-клуба". Праз сумеснае знаёмства адзін з адным, з аніматарамі, з кс. Алегам Каралёвым SDB і с. Ірынай Барцэвіч FMA, а таксама праз вясёлыя гульні бацькі даведаліся пра дзейнасць клуба.

У гэтым годзе малодшая група будзе знаёміцца з жыццём св. Дамініка Савіо і з правіламі "Савіо-клуба", а старэйшая - будзе вывучаць сон св. Яна Боско аб дзесяці дыяментах. Як казаў св. Ян Боско: "Ніхто ў неба не ідзе адзін". "Савіо-клуб" — гэта добрая магчымасць знайсці сапраўдных сяброў і паплечнікаў з агульнай мэтай жыцця: дасягнення святасці.

Паводле sdb.by