Увечары 15 верасня ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле прайшла сустрэча ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі 2016 у Кракаве. Сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза.
Падчас набажэнства святар звярнуўся да моладзі, адзначаючы, што "ў Бога нічога не адбываецца выпадкова. Кожны, хто ў гэтым годзе паехаў у Кракаў на СДМ, павінен быў там быць і, безумоўна, вынес штосьці важнае для сябе".
Пасля св. Імшы ўсе накіраваліся ў дом сясцёр-назарэтанак, каб прагледзець відэа і фотаздымкі з Кракаўскіх дзён моладзі і ўзгадаць найбольш прыемныя моманты, праведзеныя разам.
Сабраныя таксама дзяліліся тым, што найбольш запала ў іх сэрцы. Адна з прысутных верніц распавяла пра гасціннасць польскай сям'і, якая яе прымала. Дзяўчына адзначыла, што гэтая сям'я спецыяльна купіла яшчэ адну канапу, каб было куды размясціць пілігрымаў.
Маладыя вернікі ў чарговы раз звярнуліся да найбольш важных выказванняў Папы Францішка, якія яны пачулі падчас сустрэчы ў Кракаве. Успаміналі словы пра тое, што моладзь павінна быць актыўнай, весці насычанае жыццё, але разам з тым не забываць, што часам бурная весялосць павінна саступаць месца цішыні.
У Сусветных днях моладзі ў Кракаве прыняло ўдзел каля двух с паловай мільёнаў чалавек, сярод якіх каля тысячы маладых людзей з Беларусі. Наступны з'езд моладзі адбудзецца ў Панаме - краіне з 3,5 млн жыхароў, размешчанай на палосцы зямлі, якая злучае Паўночную і Паўднёву Амерыку.
А. Марцішэўская