Skip to main content

Сталы дыякан з Польшчы правёў рэкалекцыі для студэнтаў катэхетычных курсаў Гродзенскай курыі

kurs5З 9 па 11 верасня ў кляштары айцоў-піяраў у Шчучыне прайшлі рэкалекцыі для студэнтаў катэхетычных курсаў пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі.

Сёлета духоўныя разважанні праводзіў сталы дыякан Станіслаў Дзям'ян з Сувалак (Польшча), які падзяліўся с сабранымі перажываннем веры. Дыякан даў таксама сведчанне свайго паклікання, распавядаючы пра сваю штодзённую паслугу ў Касцёле і сям'ю. 

Падчас рэкалекцый будучыя катэхеты мелі магчымасць аднавіць духоўнае жыццё: ўдзельнічалі ў канферэнцыях, св. Імшах, адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, дзяліліся досведам веры. 

kurs4

kurs2

Удзельнікі рэкалекцый з вялікай цікавасцю слухалі выключнага рэкалекцыяніста, які служыць у парафіі пры алтары, выконваючы некаторыя літургічныя функцыі, а таксама з'яўляецца айцом сям'і. Сталы дыякан Станіслаў - муж амаль што з 30-гадовым стажам і айцец дзвюх дачок  – Вольгі і Камілы. Дыякан таксама наблізіў прысутным гісторыю сталага дыяканату і яго ўзнікнення. 

kurs1

Дыякан Станіслаў Дзям'ян скончыў тэалагічнае навучанне і фармацыю згодна з указаннямі Канферэнцыі епіскапата Польшчы, змешчанымі ў рэкамендацыях адносна фармацыі, жыцця і паслугі сталых дыяканаў у Польшчы.

Сталы дыяканат быў вядомы ў Касцёле яшчэ ў часы апосталаў, а ў V стагоддзі дасягнуў свайго росквіту. Гэтая пасада паступова страціла сваё значэнне ў Касцёле і ператварылася ў пераходны этап да святарства. Касцёл пасля Трыдэнцкага Сабора намагаўся ўваскрасіць гэтую паслугу, але не стварыў неабходнай прававой асновы.

Толькі ІІ Ватыканскі Сабор аднавіў гэтую традыцыю. У 1967 годзе Павел VІ абвясціў motu proprio „Sacrum diaconatus ardinem”, які змяшчае агульныя правілы ўзнаўлення сталага дыяканату.

У Польшчы рашэнне аб увядзенні гэтай формы паслугі было прынята біскупамі падчас 313-ай Канферэнцыі епіскапата Польшчы ў 2001 г. У Беларусі сталых дыяканаў няма.

У свеце нясе гэтую паслугу каля 32 тысяч сталых дыяканаў у 129 краінах. Як правіла, яны замяняюць святароў там, дзе не хапае пакліканняў. Сталы дыякан можа адпраўляць набажэнствы, даваць шлюбы, хаваць памерлых, удзяляць Камунію і інш. (у адрозненне ад святара, ён не можа адпраўляць св. Імшу і спавядаць). Сталы дыяканат абавязвае да смерці.

кс. Юрый Марціновіч