13 верасня ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі брат Генрых ад Збаўчай Крыві Хрыста (Генрых Валейка) прыняў дыяканскія пасвячэнні. Урачыстую св. Імшу ўзначаліў і ўдзяліў пасвячэнне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел родныя і блізкія брата Генрыха, а таксама кармэліты босыя з розных супольнасцей з Беларусі, святары, сёстры законныя і вернікі.
Праз дыяканскае пасвячэнне Езус кліча новага дыякана, які прыналежыць да супольнасці Босых Братоў Закону Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (кармэліты босыя) да ахвотнага, сумленнага і адказнага служэння ў Касцёле, каб быць сведкам Хрыста і запальваць Божай любоўю людзкія сэрцы.
У гаміліі біскуп Гродзенскі прыгадаў абавязкі, якія вынікаюць з пасвячэння ў дыяканы, а таксама ўзгадаў, што дыяканская паслуга павінна быць службай.
„Сёння я гляджу на цябе, дарагі брат дыякан, з вялікай надзеяй, што будзеш верным і святым сынам свайго манаскага ордэну і ўсяго нашага Касцёла. Будзеш непахісным і мужным сведкам Езуса Хрыста, нягледзячы на спакусы і цяжкасці”, - звярнуўся на заканчэнне ўрачыстасцей да новага дыякана біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх даверыў таксама брата Генрыха, айцоў кармэлітаў, манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езус і ўсіх прысутных апецы і заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Святога Шкаплера. На заканчэнне ўрачыстасці брат дыякан Генрых, дзякуючы за дар паклікання Пану Богу, а таксама за хрысціянскае выхаванне сваім блізкім, папрасіў прысутных аб малітоўнай падтрымцы.
Брат Генрых Валейка нарадзіўся ў в. Гудагай, належаў да астравецкай парафіі. Хрост і Першую Камунію прыняў у гудагайскім касцёле, з якім быў звязаны з дзяцінства. Пасля заканчэння сярэдняй гудагайскай школы вучыўся ў БДУІР у Мінску. У 2009 годзе ўступіў у ордэн кармэлітаў. Манаскую і семінарыйную фармацыю праходзіў у Беларусі і Польшчы.
12 верасня, перад прыняццем дыяканату, брат Генрых склаў свае вечныя манаскія шлюбы. Гэта адзін з найважнейшых момантаў у жыцці чалавека, які прысвячае сваё жыццё на выключнае служэнне Богу.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота с. Магдаліны Кулай