Узгадаць шлях да сясцёр-мучаніц, падзяліцца перажываннямі і распавесці пра атрыманыя пасля паломніцтва ласкі сабраліся ўвечары 11 верасня ўдзельнікі пілігрымкі Гродна-Навагрудак. Сустрэча распачалася св. Імшой у гродзенскім пабрыгіцкім касцёле. Набажэнства ўзначаліў духоўны кіраўнік паломніцтва кс. Віталь Сідорка.
Падчас св. Імшы святар звярнуў увагу прысутных на тое, што "шлях да збаўлення гэта не толькі перажыванне пілірымкі і атрыманыя пасля яе ласкі, але штодзённая прысутнасць Бога ў жыцці ".
Кс. Віталь таксама нагадаў прысутным, каб яны не забывалі карыстацца галоўнай сілай супольнасці Касцёла - узаемнай малітвай:
- Пілігрымка вучыць маліцца адзін за аднаго, і варта ўнесці гэтую практыку ў сваю паўсядзённасць, давяраючы Богу сваіх бліжніх.
Пасля набажэнства вернікі накіраваліся ў дом сясцёр-назарэтанак, дзе іх чакала вячэра, прагляд фотаздымкаў з мінулага паломніцтва ў Навагрудак і забаўляльная праграма.
Пілігрымка да месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак праходзіць штогод напрыканцы ліпеня і адзначаецца той сямейнай атмасферай, якую цяжка знайсці ў іншых дыяцэзіяльных паломніцтвах. Гэта абумоўлена тым, што ў навагрудскую пілігрымку ніколі не набіраецца больш за 50 чалавек, што дазваляе зблізіцца з кожным, хто крочыць побач на працягу 7 дзён шляху.
А. Марцішэўская