10 прадстаўнікоў каталіцкага Касцёла ў Беларусі сталі ўдзельнікамі Міжнароднага кангрэса "Рэнавабіс", які сёлета быў прысвечаны тэме "Сведкі Евангелля — афармляльнікі свету. Да ролі манаскіх ордэнаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе".
Хрысціянскі форум праходзіў з 31 жніўня па 2 верасня ў Фрайзінгу (Германія). У ліку ўдзельнікаў кангрэса з Беларусі — прадстаўнікі Гродзенскай дыяцэзіі: кс. Юрый Марціновіч – адказны за СМІ ў дыяцэзіі, с. Антонія Шэйгерэвіч CSFN – сакратар біскупскай курыі ў Гродне, і Елена Міхайлік – намеснік дырэктара "Карытас" Гродзенскай дыяцэзіі.
Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прадставіy яе Старшыня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У праграме кангрэса былі прадстаўлены розныя даклады, перш за ўсё прысвечаныя жыццю і харызмату манаскіх супольнасцяў, працы з мігрантамі і інш.
Адным з пунктаў праграмы была таксама праца ў групах, дзе ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць абмяркоўваць будучыню манаскіх супольнасцяў і іх ролю ў сучасным свеце.
Некаторыя браты і сёстры законныя дзяліліся сваім досведам штодзённай паслугі ў працы з дзецьмі, моладдзю, хворымі і людзьмі з рознымі залежнасцямі.
Асобная ўвага была нададзена ролі манаскіх супольнасцяў у развіцці школьных праектаў, працы дабрачыннага каталіцкага таварыства "Карытас", пастаральнай дзейнасці і дапамозе мігрантам.
Акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з жыхарамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы "Рэнавабіс" была створана ў 1993 г. па ініцыятыве нямецкіх біскупаў.
Штогод "Рэнавабіс" арганізуе кангрэсы, якія збіраюць ўдзельнікаў з розных куткоў свету, каб абмеркаваць пытанні адзінства і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі. Актыўны ўдзел у кангрэсе "Рэнавабіс" штогод прымаюць і прадстаўнікі з Беларусі.
А. Марцішэўская