Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў св. Імшу і працэсію ў начы ў браслаўскім санктуарыі

braslaw 319-20 жніўня адбыліся галоўныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе - санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі. Сёлетняе святкаванне праходзіла пад дэвізам: "З неспасцігальнай міласэрнасці Бога Я для вас - Маці".

Св. Імшу і працэсію ў начы ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Падчас працэсіі, несучы запаленыя свечкі, вернікі маліліся на ружанцы, разважаючы Радасныя таямніцы святога ружанца.

braslaw 4

braslaw 2

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што малітоўны клімат у браслаўскім санктуарыі з'яўляецца добрай нагодай, каб "дакрануцца і зачэрпнуць крыху цішыні", а таксама "адчуць моц духа". Біскуп разважаў над патрэбай у жыцці такога выцішэння, якое чалавек знаходзіць толькі ў святых месцах.

"Пранікнутыя вялікім жаданнем цішыні, пакідаем нашыя гарады і вёскі, каб асабліва ў летні перыяд акунуцца ў Божую цішыню, каб дакрануцца Божага свету", - адзначыў біскуп Станеўскі.

braslaw 3

braslaw 1

Звяртаючыся да пілігрымаў, іерарх падкрэсліў, што кожны паломнік прынёс у гэтае святое месца свае асабістыя праблемы і турботы.

"Прыносім у гэтае асаблівае месца ўсе клопаты асабістага жыцця, сваёй сям'і і народа, усе справы свету - асабліва справу міру ва Украіне, нашых славянскіх суседзяў", - дадаў іерарх.

Біскуп Станеўскі заклікаў усіх удзельнікаў літургіі, каб кожны раз з вялікай адвагай і ўпэўненасцю рабіць жыццёвыя выбары, якія заўсёды павінны быць накіраваныя на Пана Бога. "Чалавек вольны толькі тады, калі яго выбар накіраваны на Пана Бога",- дадаў іерарх.

Напрыканцы гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі заклікаў усіх прысутных сказаць сваё "так" Богу і быць заўсёды Ягоным верным слугой, наследуючы ў гэтым прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі. "Маё "так"- гэта выбар і патрабаванне, каб можна было схавацца пад матчыны плашч Марыі", - дадаў іерарх.

Тэкст: кс. Юрый Марціновіч

Фота: Кацярына Лаўрыненка