Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч да ўдзельнікаў пілігрымкі Беласток-Вільня: "Будуйце жыццё на Езусе Хрысце"

gr wilnia319 жніўня ў касцёле Адшукання св. Крыжа ў Гродне на ранішняй св. Імшы сабраліся ўдзельнікі XXIV Экуменічнай Пешай Пілігрымкі Беласток-Гродна-Вільня, якія прыбылі ў горад дзень раней. На малітве прысутнічалі і жыхары Гродна, якія гасцілі паломнікаў з Польшчы. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі іерарх адзначыў, што славуты ласкамі абраз Той, "якая ў Вострай свеціць Браме", да якой трывала ідуць пілігрымы, моцна ўпісаны ў гісторыю нашых зямель - прастораў даўняй Віленскай архідыяцэзіі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што Вільня - мэта пілігрымкі, з'яўляецца горадам духоўнага настаўніка с. Фаўстыны, бл. кс. Міхала Сапоцькі, праніклівага тэолага і дбайнага прапаведніка паслання Міласэрнасці, святара з вялікім сэрцам і глыбокай верай.

"Марыя ніколі не засланяе сабой Хрыста, не жадае засяроджваць нашую ўвагу на Сабе. Яна з'яўляецца дарогай, таму што заўсёды вядзе нас да Сына. А кожны, хто сустракае ў сваім жыцці Хрыста, сустракае таксама Бога Айца, багатага міласэрнасцю", - казаў іерарх. 

Разважаючы над чытаннем Евангелля на гэты дзень, бп. Аляксандр адзначыў, што "Евангелле кожны раз вучыць чалавека шукаць адказы не ў сваім сэрцы, але ў Богу, які з'яўляецца адзінай крыніцай праўды, маралі, справядлівасці і вечных і універсальных правіл, якія кіруюць светам і чалавекам".

"Калі мы будзем будаваць жыццё на ўвасобленым Слове - Езусе Хрысце, як на скале, то мы ніколі не заблукаем, не трапім у пастку ўласнай слабасці, ані ў заганнае кола самаапраўдання", - дадаў іерарх.

gr wilnia7

На заканчэнне св. Імшы біскуп падзякаваў усім паломнікам за сведчанне веры для горада Гродна, якое яны даюць праз сваё пілігрымаванне і пажадаў усім пазнаць гэтую вялікую радасць - сустрэчу з таямніцай Божай Міласэрнасці.

Сёлетняя беластоцкая пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай праходзіць пад дэвізам „Будзьце міласэрнымі”, што звязана з перажываннем у паўсюдным Касцёле Года Міласэрнасці. Сёлета разам з пілігрымамі падарожнічаюць рэліквіі бл. Міхала Сапоцькі, апостала Божай Міласэрнасці, якія застануцца ў парафіі Яшуны на Віленскай зямлі, да ўзнікнення якой шматлікія намаганні прыкладваў кс. Сапоцька.

Спецыфіку беластоцкай пілігрымцы ў Вільню надае тое, што сярод удзельнікаў католікі з розных куткоў Польшчы і свету – у тым ліку з Варшавы, Кракава, Закапанага, Любліна, Ольштына, Лодзі, Познані, Вроцлава, Чэхіі, а таксама прадстаўнікі розных веравызнанняў.

На працягу дзевяці дзён пілігрымы пераадольваюць каля 300 км, ідучы праз тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы. Два этапы пілігрымкі праходзяць праз Польшчу, чатыры дні вернікі ідуць праз Беларусь і тры праз Літву. Самы кароткі этап пілігрымкі складае 21 км і ахоплівае трасу з Кузніцы Беластоцкай да Гродна, самы доўгі – 44 км – праходзіць па Беларусі, з Новага Двара да Радуні. Па традыцыі мінулых гадоў удзельнікі наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія знаходзяцца на іх шляху.

У Гродне да гэтай групы далучыліся каля 80 вернікаў з розных месцаў Беларусі, каб пілігрымаваць разам да мэты свайго шляху і паглядзець у вочы Марыі – Той, якая свеціць у Вострай Браме.

gr wilnia17

Кс. Юрый Марціновіч